Чыноўнікі прыраўнялі дэманстрацыю нетрадыцыйных дачыненняў да парнаграфіі. Адпаведныя папраўкі ўнеслі ў «Інструкцыю аб парадку выпуску прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі і прадукцыі для сексуальнай адукацыі і палавога выхавання». Да нетрадыцыйных дачыненняў, паводле Міністэрства культуры, сярод іншага, адносяцца заафілія і некрафілія. У гэты ж пералік увайшлі і ЛГБТ-дачыненні.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Праз прыраўнанне іх праяваў да парнаграфіі цяпер у заканадаўстве такія дачыненні літаральна апісваюцца як «вульгарна-натуралістычныя, агідна-цынічныя, якія зневажаюць пачуцці, гонар і годнасць асобы і ставяць яе на ўзровень праявы жывёльных інстынктаў».
«Гэта першы крок. Мы ўсе ведаем, што рыхтуюцца папраўкі, праз якія будзе забарона на прапаганду ЛГБТК. Што гэта азначае: што любая інфармацыя, датычная КВІР-супольнасці, ЛГБТК супольнасці будзе забароненая. Людзі, якія датычныя да гэтай супольнасці, не будуць мець магчымасці казаць пра свой досвед публічна.. То бок я, будучы геем, не змагу сказаць што я гей публічна», – кажа кіраўнік «Journalists for Тolerance» Алег Ражкоў.
За якія менавіта праявы «нетрадыцыйных дачыненняў» цяпер прыйдзецца адказваць перад законам – з дакументу не ясна. На думку журналіста Алега Ражкова, падставай для пераследу можа стаць нават сяброўскі пацалунак.
Дакумент уводзіць і шэраг іншых пытанняў. Так цяпер размываецца паняцце «педафіліі». Мінкульт трактуе тэрмін як сексуальныя дачыненні, у якіх адзін з партнёраў не дасягнуў узросту 18-ці гадоў. Хаця ўзрост сексуальнай згоды ў Беларусі ніжэйшы – 16 гадоў.
«Улады будуць вырашаць гэта ў залежнасці ад таго, як ім зручна. То бок, калі вы трымаеце сваю сяброўку за руку, то гэта можа быць прапаганда ЛГБТК. Калі вашая сяброўка малодшая за вас і ёй 17 – то гэта не толькі будзе прапаганда ЛГБТК, але і яшчэ прапаганда педафіліі. І гэта можа быць публічная прапаганда. Гэта вельмі страшна», – дадае Алег Ражкоў.
Змены закранулі і сексуальную адукацыю: падручнікі палавога выхавання цяпер павінныя мець спецыяльную экспертную выснову пра адсутнасць прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.
«Гэта антыадукацыя. Гэта спроба дзяржавы зрабіць грамадзян і грамадзянак больш ізаляванымі і бездапаможнымі супраць гвалту», – адзначае ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей.
Тэма палавых стасункаў цікавіць і прапагандыстку Вольгу Бондараву. Пасля яе скарг і з дапамогай Міністэрства культуры, у Беларусі забаранілі канцэрты спевакоў Алены Швец, Mzlff, GSPD – маўляў, тыя ўцягваюць юных беларусаў у шэрагі ЛГБТ-руху.
«Мы заўсёды чулі, што трэба рабіць свае справы ў ложку. Падавалася, што гэта такая недатыкальная прастора, куды нават дзяржава не можа ўварвацца. І гэта такі трывожны званочак, што не, дзяржава можа ў ваш ложак уварвацца», – дадае Андрэй Завалей, ЛГБТ-актывіст.
Міністэрства культуры планамерна намагаецца змяніць заканадаўства ў дачыненні ЛГБТ-руху. Летась ведамства, супольна з Генпракуратурай, пачало распрацоўваць законапраект аб адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных дачыненняў, змены полу і ідэяў чайлдфры.
Кацярына Гардзеева, «Белсат»