«Вывучэнне кожнай асобы, кожнага чалавека – гэта патрэба». Літва ўвяла тэставыя анкеты на ўезд для беларусаў


Уезд пасля запаўнення адмысловай анкеты. Падаваць дадатковыя звесткі пра сябе беларусы, якія звяртаюцца па нацыянальную візу Літвы, пачалі яшчэ летась у лістападзе. Тое самае і для тых, хто прэтэндуе на літоўскі від на жыхарства. Літва сталася першаю краінай ЕЗ, што ўвяла такія дадатковыя крытэры. Прычына – расейская агрэсія супраць Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Так як Беларусь з’яўляецца ваюючым бокам, мы павінныя ўжываць тыя ж тэсты. Тыя ж самыя праверкі, як і для грамадзянаў Расеі, якія зʼяўляюцца прадстаўнікамі краіны-агрэсара», – кажа Мантас Адаменас віцэ-міністр МЗС Літвы.

Запоўніць анкету мусяць і тыя беларусы, якія падалі дакументы на від на жыхарства ў Літве раней, аднак яшчэ яго не атрымалі. Літоўскія чыноўнікі запэўніваюць, што гаворка выключна пра індывідуальны падыход. Паводле старшыні Камітэту па замежных справах Сейма Жыгімантаса Павілёніса:

«Кожны консульскі чыноўнік прымае індывідуальнае рашэнне па кожным выпадку. Браць агулам тут нельга. Калі мы правяраем беларусаў, якія ідуць да нас, мы абагульняем усю інфармацыю, якую маем».

«Вывучэнне кожнай асобы, кожнага чалавека – гэта патрэба. У гэтай геапалітычнай сітуацыі мы гаворым пра меры, якія нам дапамогуць гэтыя пагрозы мінімалізаваць», – дадае віцэ-міністр МУС Літвы Віталій Дмітрыеў.

Беларус павінен указаць у анкеце інфармацыю пра адукацыю, месца працы, службу ва ўзброеных сілах. Нікуды не зніклі і пытанні-маркеры: «Ці падтрымліваеце ваенныя дзеянні, якія праводзяцца Расейскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны?» і «Каму належыць Крым?». Мантас Адаменас удакладняе:

«Адказы на гэта зʼяўляюцца юрыдычным фактам – людзі, калі яны потым сябе паводзяць супярэчна гэтай анкеце, могуць быць выправаджаныя з краіны, і на гэта будзе юрыдычны нагода».

Каб удакладніць сітуацыю са станам міграцыйнай плыні беларусаў у Літву, мы звярнуліся ў дэпартамент міграцыі суседняй краіны.

«Плынь не сканчаецца. У нас летась прыехала нават больш грамадзян Беларусі. Шматлікія кампаніі перасоўвалі свой бізнэс у Літву. Звычайна ўсё вельмі добра трымаюцца правілаў, ніякіх вялікіх праблемаў не ствараюць, і вельмі прыемна мець з беларусамі справу», – кажа дырэктарка Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце.

А як уплывае на такую тэндэнцыю ўвядзенне анкеты-апытання?

«З-за гэтай анкеты можа некаторыя перадумалі ці не змаглі прыехаць, але гэта зусім не ўплывае на агульную тэндэнцыю».

Выглядае, што літоўскія дзяржаўныя службоўцы сапраўды разумеюць сітуацыю, у якой апынуліся беларусы, намагаюцца дыферэнцыяваць і імкнуцца дапамагчы.

«Вільня была горадам свабоды не толькі беларускага, але і іншых народаў – і застанецца. Мы заўсёды ведалі, што наш галоўны саюзнік у Беларусі – гэта беларускі народ. Які еўрапейскі і які не падтрымлівае вайну ва Украіне», – кажа Жыгімантас Павілёніс.

Тым не менш еўрапейскім краінам-суседкам усё больш даводзіцца азірацца на геапалітычныя рэаліі і тую ролю, што ў іх пакуль адыгрывае Беларусь. Пра што сведчыць, напрыклад, сённяшняе скасаванне Латвіяй дамовы з Беларуссю аб узаемных паездках грамадзянаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»