«Беларусь 2.0» абяцаюць прэзентаваць ужо праз месяц


Пакуль у нашай краіне пануе лукашэнкаўскі рэжым, беларусы спрабуюць аб’яднацца ў віртуальным сусвеце. Перадпрэзентацыі платформы «Лічбавая Беларусь» адбываюцца ў розных гарадах замежжа. У чым мэта платформы ды ці перарасце яна ў віртуальную дзяржаўнасць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы часта кажам пра новую Беларусь. Але якой яна будзе і калі? Тым часам беларусы ствараюць яе ў віртуальным свеце. «Беларусь 2.0» абяцаюць прэзентаваць ужо праз месяц.

Пакуль жа ідуць тэставанні і перадпрэзентацыі праекту, каб рабіць праўкі. Плануецца, што платформа «Лічбавая Беларусь» закране тры слаі.

Грамадства. Тут мэта – звязаць людзей вакол падзеяў, узаемадапамогі, развіцця бізнесу. Эканоміка, калі беларусы будуць дапамагаць адзін аднаму працай, дзяліцца платнымі сэрвісамі, фінанасава падтрымліваць адзін аднаго. Трэці слой – палітыка, які будзе дабудоўвацца ўжо пасля запуску платформы. Яго мэта – навучыцца самаарганізацыі.

У першую чаргу гэта для беларусаў У Беларусі. Праз месяц тэставання ўсё можа выглядаць па-іншаму, распавядае IT-адмысловец Павел Лібер. Таму пакуль пра большасць канкрэтных паслуг распрацоўнікі сказаць не могуць. Тым не менш Павел пералічыў некаторыя:

«Вялікая колькасць онлайн-кантэнту, розныя карысныя сэрвісы: адукацыйныя, забаўляльныя, культурныя і так далей. Потым будуць розныя онлайн-зніжкі на розныя сэрвісы, будзе дасяжны эканамічны ўзровень, калі можна зарабляць грошы, працуючы дыстанцыйна».

Арыентацыя ў першую чаргу на беларусаў у Беларусі адразу ўздымае пытанне: а што з бяспекаю?

«Скарыстацца онлайн-медыцынай альбо атрымаць юрыдычную кансультацыю і так далей – нам дастаткова верыфікацыі таго, што чалавек – беларус. У нас ёсць спосабы зрабіць гэтую верыфікацыю, не запытваючы персанальных звестак», – адказвае Павел Лібер.

Для больш сур’ёзных пытанняў будуць выкарыстоўваць лічбавыя ID на базе блокчэйну, калі персанальныя звесткі захоўваюцца толькі на вашай прыладзе, а не ў агульнай базе.

«Ніводная сістэма не гарантуе 100-адсоткавай абароны звестак карыстальнікаў. У сувязі з тым, што гэта платформа, накіраваная ў Беларусь, я думаю, Павел дастаткова сурʼёзна падыходзіць да бяспекі. Плюс мы можам бачыць, што ў папярэдніх праектах, за якія ён адказваў, не было выцекаў персанальных звестак. І на гэты момант мы сыходзім з таго, што сістэма надзейная настолькі, наколькі заяўляецца», – ацэньвае эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

У перспектыве ж – анлайн-дзяржава з віртуальнымі пашпартамі.

«Калі мы кажам пра лічбавы ўрад Беларусі 2.0, мы павінны падпарадкоўвацца нейкім правілам, законам, якія існуюць. А тут атрымліваецца такая вядомая праграмісцкая памылка, што спачатку ёсць праграма, а потым мы пачынаем думаць пра тое, як жа мы яе будзем выкарыстоўваць, якія ў нас будуць правілы, законы ўнутры гэтай праграмы», – лічыць выканаўчы дырэктар Baltic Internet Policy Initiative Міхаіл Дарашэвіч.

«Мы разумеем, што сёння акурат не ідзем у гісторыю з дакументамі шчыльна, бо мы не сапраўдная дзяржава», – падзяліўся Павел Лібер.

Эстонія дала першы ў свеце прыклад працы электроннага ўраду, што дало магчымасць атрымліваць віртуальнае рэзідэнцтва і па-за межамі краіны, разам з гэтым дыстанцыйна ствараць бізнес у краіне, плаціць падаткі. Але гэты прыклад паказвае таксама, што каб была паўнавартасная лічбавая дзяржава, патрэбная дзяржава рэальная, а не рэпрэсіўны рэжым.

Яна Шэк, «Белсат»