У Горадні пачаўся суд над Паўлам Мажэйкам


Судзяць за патрыятызм і любоў да радзімы. У Гарадзенскім абласным судзе пачалі разглядаць крымінальную справу журналіста Паўла Мажэйкі. Палітвязень амаль год у няволі, але дагэтуль нават ягоная сям’я не ведае акалічнасцяў справы. Хто такі Павел Мажэйка і ў чым яго абвінавачваюць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гарадзенскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы супраць журналіста і гісторыка Паўла Мажэйкі. Яго вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці – а дакладней у нібыта перадачы інфармацыі пра пераслед адвакаткі Юліі Юргілевіч нашаму тэлеканалу. Праваабаронцы прызналі Паўла палітвязнем.

«Зразумела, што ніякай сувязі з экстрэмізмам у Паўла не было і няма цяпер, але цяпер усё, што ў Беларусі адбываецца, улада закатвае пад асфальт і называе экстрэмізмам. Сёння проста жыць і карыстацца сваімі правамі ў Беларусі фактычна ёсць экстрэмісцкай дзейнасцю», – тлумачыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Паўла жорстка затрымалі летась 30-га жніўня. Амаль год яго трымаюць у СІЗА гарадзенскай турмы. Доўгі час сямʼя не ведала нават прычыны затрымання, бо адвакаты і ўсе сведкі далі падпіску аб неразгалошванні. Лісты ад палітвязня сталі адзінай крыніцай інфармацыі.

«Ён камунікуе праз лісты з дзецьмі, са мной, са сваёй сям’ёй. Для дзяцей ён прыдумляе розныя шарады, галаваломкі, малюе нейкія малюнкі, і гэта ўсё вельмі натхняе нас. Насамрэч і я разумею, што ягоны псіхічны стан, гледзячы па гэтых лістах, моцны», – каментуе жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка.

З 2007 года Павел Мажэйка быў тварам нашага тэлеканалу, вёў праграмы «Два на два», «Госць Белсату». А пазней – гістарычнае шоу «Intermarium», у якім спалучаў журналістыку і гісторыю. Канцэпцыя праекту – аповед пра Беларусь у кантэксце гісторыі суседзяў: Літвы, Польшчы, Украіны і Расеі. Але калі рэжым Лукашэнкі прызнаў «Белсат» «экстрэмісцкім», Павел сышоў з тэлеканалу.

«Павел – чалавек вольны, я мала сустракала людзей, настолькі вольных, як ён. У ім асабліва адчуваецца ўнутраная воля. І нават толькі гэта ўжо ёсць выклікам для гэтай улады», – адзначае дырэктар каналу «Белсат» Агнешка РамашэўскаяГузы.

Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст «Белсат» Павел Мажэйка пасля 3 содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пасля сыходу Паўла з праекту ягоную справу працягнула журналістка Наста Ільіна:

«Чаму праца Паўла вельмі важная, бо вайна і акупацыя – гэта не толькі танкі і аўтаматы, гэта яшчэ і змаганне за галовы людзей, гэта таксама і гісторыя. Менавіта «Інтэрмарыўм» – гэта той інструмент, які дапамагае Беларусі вярнуць незалежнасць, які ёсць пэўным шчытом ад гэтага расейскага свету», – кажа новая вядоўца праграмы «Інтэрмарыўм».

Нарадзінец Горадні Павел вядомы любоўю да роднага места. Ён намагаўся падтрымліваць творцаў і развіваць культуру.

«Пры ім сказаць нешта недастаткова добрае пра Горадню не выпадала, а Горадня, як вядома, – гэта каралеўскі горад, і Павел вельмі ганарыўся, што ён гарадзенец», – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

У створанай Паўлам культурніцкай пляцоўцы «Цэнтр гарадскога жыцця» ладзіліся шматлікія івэнты, прэзентацыі ды сустрэчы з пісьменнікамі, музыкамі, апантанымі і актыўнымі людзьмі.

«Сэрца баліць, што ён сядзіць у той турме, а за сценкай – ягоны Цэнтр гарадскога жыцця, тое, дзе тварылася гэтае культурніцкае жыццё Горадні, і гэтак далей, то бок на Кірава, 3 і на Кірава, 1 Паша знаходзіцца», – дзеліцца галоўны рэдактар «Mostmedia.io» Руслан Кулевіч.

Для Паўла гэта не першая крымінальная справа: у 2002 годзе яго асудзілі на 2 гады «хіміі» нібыта за «паклёп» на прэзідэнта. У 2021 годзе затрымлівалі ў межах справы супраць мастака Алеся Пушкіна, але пазней адпусцілі.

«Я спадзяюся, што яго выпусцяць, але гэта фантазія. Маральна і рэалістычна я рыхтуюся, што хутчэй за ўсё будзе рэальны тэрмін», – кажа жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка.

За прафесійную дзейнасць, шанаванне роднай гісторыі і прасоўванне культуры Паўлу Мажэйку можа пагражаць ад 3 да 7гадоў зняволення.

Аліна Скрабунова, «Белсат»