МУС: Міліцыянты ўзялі пад кантроль выпускныя


Амаль 53 000 выпускнікоў святкуюць сёння заканчэнне школы і атрымоўваюць атэстаты. Дзевяцікласнікам жа ўрачыста раздаюць пасведчанні аб базавай адукацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пасля афіцыйных святкаванняў для моладзі запланаваныя розныя культурна-відовішчныя імпрэзы. У забаўляльных установах ды іншых месцах адпачынку. Такія аб’екты міліцыянты возьмуць пад кантроль», – паведамляе МУС.

У школах будуць дзяжурыць міліцыянты, а прапускны рэжым узмоцняць. Чыноўніца Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская хвалілася шчыльнаю супрацаю з органамі.

«Выпускны – гэта, канечне, адзін з такіх этапаў ініцыяцыі, калі ўчорашнія дзеці робяцца дарослымі, адзін з іх. І ў гэтым сэнсе вельмі сімвалічна, што ў гэтую ініцыяцыю ў беларускай сістэме канечне мусіць быць умяшаны кантроль міліцыі. Каб школьнікі адразу разумелі, што дзяржава іх, па-першае, баіцца, а па-другое – лічыць патрэбным і можа кантраляваць», – лічыць каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

А вось абмежаванні на куплю алкаголю падчас выпускных паслабілі. Раней продаж спіртовых напояў забаранялі па ўсёй краіне. Сёлета ўзровень абмежаванняў вызначаюць мясцовыя ўлады. У Менску, напрыклад, афіцыйнай забароны няма.

«Гэтая сістэма маразматычная, і дакладна ніякай карысці няма. Яна толькі раздражняе дадаткова людзей, таму сапраўды лагічна яе адмяняць», – упэўнены Вадзім Мажэйка.

У Магілёве ж іншыя абмежаванні. У сацсетках паведамляюць, што тут адбудзецца канцэрт «Зорны выпускны», на які прыедзе Вольга Бузава. Але для некаторых школьнікаў яго зрабілі абавязковым і паведамілі пра гэта за тыдзень да даты. Да таго ж такое свята будзе каштаваць 230 рублёў.

Некаторыя выпускнікі ды бацькі апавялі Белсату, як да выпускнога рыхтаваліся ў іх школах. 21 чалавек напісаў, што будуць святкаваць сваёй кампаніяй, а ў школу прыйдуць толькі на лінейку. 6 чалавек зазначылі, што школа ішла насустрач вучням, усё планавалі разам. А вось 14 чалавек паведамілі, што іх прымушалі пайсці на імпрэзу, арганізаваную ўладамі.

Міністэрства адукацыі нагадала, што выпускныя мусяць адбывацца выключна ва ўстановах адукацыі або ва ўстановах культуры. Пра досвед сваіх вучняў расказала рэпетытарка Ганна Саламонава:

«Ужо даўно нідзе не святкуюць, як раней, у рэстаранах, у кавярнях – гэта ўсё пад забаронай, усё адбываецца ў школе, узмоцнены кантроль».

Атэстаты дзяцей будуць адрознівацца ад леташніх, бо ўвосень 2022 года ўвялі цэнтралізаваныя экзамены, абʼяднаўшы школьныя іспыты і тэставанне. Колькасць балаў, атрыманых за экзамен, адпавядае канкрэтнай адзнацы, што вылічваецца па адмысловай шкале. У атэстаце ж выніковая адзнака па матэматыцы і дзяржаўнай мове будзе сярэднім арыфметычным з гадавой і атрыманай на цэнтралізаваным экзамене.

«Ёсць нарматыўныя дакументы, у якіх дакладна прапісана: сярэдняя арыфметычная. І таму мы складваем 5+9 – і дзіцяці ў атэстат ідзе 8 балаў, ці 7 балаў, колькі атрымліваецца», – тлумачыць Ганна Саламонава.

Адзнакі за цэнтралізаваны экзамен экспертка лічыць справядлівымі. Пасля першага падліку дзеці атрымалі неверагодныя вынікі, нават больш за максімальныя сто балаў. Але пасля абурэння бацькоў метад падліку падкарэктавалі – дзецям выставілі правільныя балы.

Яна Шэк, Белсат