Праваабаронца Алесь Бяляцкі – 1000 дзён у няволі. Стан ягонага здароўя пагаршаецца


1000 дзён у няволі знаходзіцца праваабаронца, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі свету Алесь Бяляцкі. «Ён згубіў свабоду, бо змагаўся за абарону правоў чалавека», – напісала ў сацыяльнай сетцы «экс» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Стала вядома, што стан здароўя Алеся Бяляцкага пагоршыўся.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вызваліць Бяляцкага ды іншых палітычных вязняў. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская зноў узняла няпростую тэму рэпрэсіяў у Беларусі з нагоды 1000 дзён зняволення праваабаронцы.

«Канечне, неабходна ціснуць на ўладаў, што людзі ўтрымліваюцца ў такіх умовах нечалавечых, на людзей ціснуць псіхалагічна, фізічна. Розныя сітуацыі. І ціснуць такім чынам, што закрываюць інфармацыю», – каментуе юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Нобэлеўскі лаўрэат і былы кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі апошнія паўгода застаецца ў адзіночнай камеры, што, на думку ягонай жонкі Наталлі Пінчук, негатыўна адбіваецца на стане здароўя вязня:

«Я даведалася ад людзей, якія пакінулі турму, што стан Алеся працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае некаторых неабходных яму лекаў. У калоніі ў Горках жудасная рэпутацыя, і праваабаронцы ведаюць, што яна служыць канвеерам для катаванняў палітычных зняволеных».

Алесь Бяляцкі.
Фота: Белсат

У Бабруйску распачаўся суд у справе пераводу на турэмны рэжым былога юрысконсульта заводу «Палімір» Аляксандра Капшуля. Палітычны вязень – фігурант «справы Рабочага руху», у межах якой яго пакаралі 15-цю гадамі калоніі.

«Турма – гэта ты сядзіш проста ў камеры і толькі 1 раз на дзень маеш шпацыр. Гэта жорстка, гэта моцна, вельмі моцна б’е па здароўі людзей. Гэта вельмі моцны ўдар па чалавеку, калі яго вырываюць з сацыяльных стасункаў. Пазбаўлення чалавека стасункаў у турме – гэта таксама можна прыраўняць да катавальных умоваў», – кажа праваабаронца з ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў.

Іншы прыклад ціску на палітвязняў – пазбаўленне прадуктовых перадачаў. Асуджанаму на 20 гадоў калоніі Уладзіміру Гундару працягнулі гэтае абмежаванне яшчэ на год, а ён сядзіць у адзіночнай камеры.

«Асабліва калі ён утрымліваецца адзіночна, без сукамернікаў, якія могуць падзяліцца прадуктовай перадачай. Немагчымасць атаварыцца і атрымаць прадуктовыя перадачы – гэта вельмі моцна ўздзейнічае на чалавека, была інфармацыя, што нават у чалавека цынга пачынаецца», – тлумачыць юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Сёлета акурат стала вядома, што нястача вітаміну С – у палітычнага вязня Сцяпана Латыпава, і належнай медычнай дапамогі яму не надаюць. Гэтак жа скаргі на здароўе мае зняволены палітык Рыгор Кастусёў.

«Тое, што раней мы ўспрымалі як нейкія звышзахады ў адносінах абраных апанентаў Лукашэнкі, то цяпер гэта становіцца нормай, за дзясяткамі, тысячамі выпадкаў ужо незаўважна асобных лёсаў», – зазначае Вячаслаў Касінераў.

І затрыманні ў палітычных справах, за ўдзел у пратэстах – працягваюцца. Гэтак, стала вядома, што на 72 гадзіны арыштавалі менскую актывістку Галіну Лагацкую. Сілавікі запрапанавалі ёй прыйсці ў РУУС і забраць выняты пазалетась тэлефон, але з аддзялення не выпусцілі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»