Праца не для ўсіх: у прыватных медцэнтрах адфільтруюць дактароў


Прыватныя медычныя цэнтры ў Беларусі – у чаканні кадравых зменаў. Чыноўнікі ад аховы здароўя збіраюцца ўзмацніць патрабаванні да дактароў недзяржаўных установаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зараз там можа працаваць спецыяліст, які тры гады таму скончыў медуніверсітэт. Пры гэтым часцяком гэты лекар выконвае хірургічныя ўмяшанні, якія на высокім узроўні здольны рабіць хірург з пяці-сямігадовым стажам працы», – распавёў у інтэрв’ю прапагандыстам старшыня Камітэту аховы здароўя Менскага гарвыканкаму Ігар Юркевіч.

Дактары, пра якіх кажа Юркевіч, адносяцца да другой кваліфікацыйнай катэгорыі ды пасля прыняцця анансаваных зменаў не здолеюць працаваць у прыватных медычных цэнтрах. Гэтае права застанецца толькі ў спецыялістаў першай і найвышэйшай катэгорыяў. То бок з працоўным стажам ад пяці гадоў і больш. І гэта пасля таго, як рэжым ужо амаль два гады трымае прыватныя цэнтры пад жорсткім кантролем. Некаторыя з недзяржаўных установаў у выніку вымушана спынілі працу.

«Гэта не столькі спосаб націснуць на прыватніка, колькі істэрыка наконт таго, што робіцца ў краіне. Гэта значыць, калі груба сказаць, ён хоча скінуць канкурэнцыю, каб лекары не сыходзілі ў прыватную медыцыну, дзе яму здаецца, што людзі плацяць непамерныя грошы і ледзь там не ў ікры купаюцца і ў золаце. А сацыяльная медыцына адчувае велізарны дэфіцыт медработнікаў», – мяркуе траўматолаг Аляксей Носаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У сталічным Камітэце аховы здароўя прызнаюць: канкурэнцыя з прыватным сектарам існуе, але Ігар Юркевіч зазначыў:

«Яна ў меншай ступені выкліканая жаданнем дзяржаўнага сектару пазбавіцца канкурэнтаў. Паверце, без працы мы не застанемся».

Рэгуляваць патрабаванні да медыкаў прыватных цэнтраў рэжым спрабаваў і раней. У 2015 годзе Лукашэнка сваім указам ужо забараняў спецыялістам, якія не маюць першай або найвышэйшай катэгорыі, працаваць у такіх установах. Такая захада выклікала хвалю звальненняў у недзяржаўных структурах. Абмежаванне Лукашэнка адмяніў толькі ў 2019-ым. На думку Аляксея Носава, калі гэтую захаду зноў увядуць, некаторыя медыкі, безумоўна, з’едуць за мяжу. Аднак паскарэння дзейнага адтоку кадраў чакаць не варта.

«Я ведаю шмат людзей, якія сумяшчаюць працу ў прыватных медычных цэнтрах. Але яны працуюць на асноўным месцы ў сацыяльнай медыцыне. Пайсці на большае? Больш дзяжурстваў яны не будуць браць, таму што плацяць капейкі. Будуць шукаць іншы спосаб, іншую падпрацоўку. Стаць жа тым медпрадстаўніком. Бо людзям трэба есці», – дадаў Аляксей Носаў.

Што да праблемы кадравага дэфіцыту ў дзяржаўных медычных установах, то рэжым, імаверна, знайшоў яшчэ адзін спосаб яе развязаць. Чытачы «Белсату» заўважылі, што прынамсі ў паліклініках Менску працуе нямала дактароў-выхадцаў з краінаў Азіі і Афрыкі. А нашыя калегі з belsat.eu прааналізавалі: у асобных медычных установах колькасць замежных адмыслоўцаў пачала актыўна расці пасля 2020-га года.

«У Беларусі навучаюцца іншаземцы і яны могуць затым у беларускай медыцыне працаваць. Гэта лагічна. Іншае пытанне, ці адпавядаюць яны кваліфікацыі заяўленай, ці ёсць у гэтых людзей досвед? Або гэта проста ўчорашнія недавучаныя студэнты, якімі затыкаюць дзіркі ў сістэме? І таму мне падаецца важным рабіць акцэнт не на этнічнасці, а на кваліфікацыі», – мяркуе каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Аднак нават для кваліфікаваных замежнікаў варта ствараць адпаведныя ўмовы. Бо, зазначаюць эксперты, калі чалавек пераехаў аднойчы, яму не будзе складана зрабіць гэта яшчэ раз.

Ірына Юрʼева, «Белсат»