Інвестыцыі ідуць у сілавікоў замест адукацыі


Новыя трэнды ў адукацыі. Улады змяншаюць колькасць школьнікаў пасля дзясятых класаў і адпаведна студэнтаў ВНУ, але павялічваюць шэрагі навучэнцаў прафесійных тэхнічных каледжаў. Таксама нароўні са змяншэннем універсітэцкай падрыхтоўкі ІТ-адмыслоўцаў іх пачалі навучаць у калоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адукацыя ў Беларусі зазнае змены на ўсіх узроўнях. Чыноўнікі ў спадзеве папоўніць каледжы ахвяруюць колькасцю дзясятых класаў. У шэрагу ВНУ краіны ідуць на скарачэнне платнай формы навучання.

«Відавочна, мы назіраем тое, што змяняецца заканадаўства, каб больш людзей апынулася ў войску. Так ці інакш. Я гэта ведаю і на сваім асабістым прыкладзе», – зазначае кіраўнік камісіі па справах студэнцтва Каардынацыйнай рады Аляксандр Паршанкоў.

Яскравы прыклад скарачэння ліку платнікаў – Дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сёлета на першы курс плануюць прыняць 2810 чалавек. І гэта самы нізкі план набору за апошнія 4 гады. Для платнікаў вылучаць 1520 месцаў, што на 12 % меней, чымся летась. Скарачэнне можа быць звязаным як з дэмаграфічнаю сітуацыяй, гэтак і патрэбамі ІТ-галіны ў колькасці працоўных рук.

«БДУІР не якасная ВНУ. Якасных спецоў утрымліваць там яны не могуць. А працаваць у ІТ пасля курсаў, калі атрымаеш нейкія скілы, і не патрэбная вышэйшая адукацыя», – зазначае доктар навук, заснавальнік суполкі беларускіх распрацоўшчыкаў гульняў Яраслаў Кот.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: belta.by

І ўлады, прынамсі на найбліжэйшыя тры гады, перспектыўнымі кірункамі для развіцця абіраюць вайсковы і сілавы блокі. Прынамсі ў інвестыцыйнай праграме да 2026-га года з 751,5 млн рублёў Міністэрству абароны прызначаныя 125,4 млн рублёў. А Міністэрства ўнутраных справаў з унутранымі войскамі і калоніямі разлічвае на атрыманне 84,6 млн рублёў. А вось на адукацыю выдаткавалі 42,6 млн рублёў.

«У дыктатурах часта ўсё рэарганізуецца пад сілавую і ваенную індустрыю, каб яны дапамагалі ўтрымліваць уладу», – зазначае Яраслаў Кот.

А каб спецыялісты ўсё ж былі, напрыклад, у тым жа ІТ, гадаваць іх пастанавілі ў месцах зняволення. Гэтак, у шклоўскай калоніі вязняў вучаць ствараць сайты. Адукацыйную праграму запусціў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі пры МДУ імя Куляшова. За 40 гадзінаў зняволеныя авалодаюць WEB-праграмаваннем праз творчыя практыкаванні.

«Тыя навіны, якія мы атрымліваем са шклоўскай калоніі, звязаныя з асабістымі амбіцыямі палкоўніка Карніенкі, які ўзначальвае гэту калонію, і з ягонай спробай прабіцца наверх. То бок гэта проста спроба, каб ягоную дзейнасць заўважылі і ён падняўся вышэй», – зазначае Аляксандр Паршанкоў.

У пазамінулым годзе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў той жа шклоўскай калоніі арганізоўваў дыстанцыйнае навучанне паводле дзвюх праграмаў у сферы камп’ютарнай графікі. Тады 19 вязняў нават атрымалі даведкі пра навучанне дзяржаўнага ўзору.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»