Паводка на Гомельшчыне прывяла да затаплення дамоў і экстраннай эвакуацыі


Паводка ў Беларусі набірае абароты. Пад Гомлем у садовым таварыстве вада ўначы прарвала дамбу, у Жлобіне разліў Дняпра вымусіў мясцовыя ўлады зарганізаваць для грамадзянаў часовае жытло, а ў гомельскім мікрараёне Манастырок пацярпелых перавозяць на адмысловым водным таксі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мінулая ноч у жыхароў садовага таварыства пад Гомлем выдалася нервовай: прарвала дамбу, і вада пацякла ў дамы, заліўшы за паўгадзіны іх па самыя вокны. Людзям спатрэбілася дапамога ратаўнікоў.

«Раней існавала нават спецыяльная мапа, якая паказвала, дзе нельга будаваць дамы, таму што ёсць небяспека прарыву дамбы. І, магчыма, гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў такую мапу раней», – распавядае менеджарка ініцыятывы «Зялёны тэлефон» Паліна Бурко.

Пра падтапленні хатніх гаспадарак паведамляюць і жыхары паселішча Чонкі. У Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў пацвердзілі, што паводка нарабіла шкоды на некаторых вуліцах бліжэй да Сажа.

У мясцовай аграсядзібе «Рачная» запэўнілі, што праезд у паселішчы – пад кантролем:

«Нармалёвы праезд, ніякіх праблемаў няма. Тут праблема ў нізінах, у дамах. Дарога і ўсё астатняе – нармалёва. А мы жывём на вышыні, рака ўнізе на метраў 20».

Як паведамляе Белгідрамет, у Гомлі ды раёне захоўваецца небяспечны ўзровень, за содні вада прыбавіла 5 сантыметраў. Калі сітуацыя нармалізуецца, пакуль дакладна не вядома, кажуць у МНС:

«Мы з падворкаў ваду не адкачваем. Толькі калі вада стаіць у доме. Адкачваюць ваду толькі на платнай аснове – РЖКГ. Райжылкамгас. Калі вада перастане плюсаваць, я вам таксама не скажу, сёння яна яшчэ прыплюсавала».

Бадай, найбольш пацярпеў гомельскі мікрараён Манастырок: тут днямі пад ваду сышлі дзясяткі падвор’яў, затапіла шэраг вуліцаў.

Дзеля дапамогі мясцовым жыхарам ратавальнікі зарганізавалі нават лодачную пераправу, робячы па сотні рэйсаў на дзень, паведамляе выданне «Белка».

«Выказваю вялікую падзяку, я жыву ў Манастырку, вуліца 2-я Папярэчная, 7б, хлопцы прыехалі, у мяне 25 качак у клеці, яны плавалі, яны б загінулі. Прыехалі – усе мокрыя, усё выцягнулі», – дзякуе ратавальнікам жыхарка мікрараёну.

Яшчэ адна гісторыя ў Манастырку скончылася хэпі-эндам. Мясцовы сабака, які праплыў 250 метраў у пошуках сваёй хаты, паспяхова вярнуўся да сваіх гаспадароў.

Ратавалі ў абласным цэнтры не толькі качак і сабакаў, але і цэлы жылы дом, які падчас паводкі прыплыў да мясцовай пенсіянеркі. Аперацыя заняла ўсяго 20 хвілінаў, а буксавалі дом сіламі адной гумовай лодкі з вяслом, піша выданне «Спутнік».

Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч адзначыў у каментары «Белсату», што той урон, які панеслі жыхары мясцовых пасёлкаў, мусіць быць кампенсаваны:

«Кампенсаваны перадусім за кошт сродкаў дзяржавы альбо эксплуатуючай арганізацыі, бо якраз на падобныя збудаванні, на тое, каб зрабіць гэтую дамбу, грошы бралі з падаткаў».

Аднак жыхары вёскі Плёсы на Гомельшчыне не сталі чакаць дапамогі ад дзяржавы, а скінуліся грашыма, каб хоць неяк спыніць разгул стыхіі.

Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, падтапленні закранулі ўсе вобласці, апрача Гарадзенскай. Найбольш пацярпела Гомельшчына: звесткі пра шкоду ў выніку вясновай паводкі прыходзяць з Добрушу, Лоева, Рэчыцы ды іншых гарадоў і вёсак.

Да прыкладу, у Жлобіне вада з Дняпра падтапіла асобныя вуліцы, а таксама 6 садовых таварыстваў і чатыры паселішчы раёну. На базе мясцовага аддзелу адукацыі нават зарганізавалі часовае жытло на сотню асобаў. Станам на панядзелак вада ў Дняпры заставалася на небяспечным узроўні.

У мясцовым таварыстве ратавання на водах адзначылі:

«Не так даўно яна падымалася, калі не хлусіць, на 20 сантыметраў. Цяпер агулам стала і стаіць».

Ад Дняпра і Сажа не адстае і Бярэзіна: у Барысаве вада дасягнула прыбярэжнай кавярні ды затапіла пясчаны пляж.

Сёлетняя паводка бʼе шматгадовыя рэкорды, пры гэтым вада ў буйных рэках ісці на спад пакуль не збіраецца. Наадварот, будзе толькі прыбываць, папярэджваюць ратавальнікі.

Віталь Бабін, «Белсат»