Чым можа пагражаць юрыдычная дапамога ў палітычных справах?


Юрыдычная дапамога ў палітычных справах можа пагражаць стратаю працы ці нават волі. Гэтак званая суддзя Таццяна Фалькоўская на 10 гадоў адправіла ў калонію адваката, выкладчыка БДУ і шматдзетнага бацьку Аляксандра Данілевіча. Данілевіч надаваў юрыдычныя паслугі Аляксандру Апейкіну і Аляксандры Герасімені, асуджаным паводле спецыяльнага вядзення на 12 гадоў турмы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абаронцу абвінавацілі ў закліках да санкцыяў і спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. Гэтак рэжым кваліфікаваў ягоныя адвакацкія парады, рыхтаванне зваротаў для страйкамаў, а таксама інтэрв’ю выданню «Трыбуна». Паводле юрыста Дзмітрыя Лазавіка, з 2020 года ў Беларусі пазбавілі ліцэнзіяў больш за 400 адвакатаў. За тое, што імкнуліся прымусіць рэжым выконваць яго ж уласныя законы. Дзмітрый Лазавік дадае:

«Каго здолелі схапіць? Віталя Брагінца, які атрымаў 8 гадоў, зараз АляксандрДаніловіч – 10 гадоў. Гэта помста ўсім тым, у тым ліку, напэўна, і мне, маім калегам, якія паспелі зʼехаць. Проста банальная, тупая, жорсткая помста».

Незадоўга да затрымання Аляксандр Данілевіч падпісаў антываенны зварот юрыстаў аб нападзе Расеі на Украіну.

Трое беларусаў асуджаныя за спробу эвакуацыі 19-гадовай Аніты Бакуновіч з Беларусі ў Літву. Усіх адправіў у калонію гэтак званы суддзя Віктар Сянько. Былога мытніка і актывіста «Грамады» Мікалая Куляшова – на 5 гадоў, студэнта Ягора Курзіна – на 3, а саму Аніту Бакуновіч – на 3.5 гады адпаведна. Ім інкрымінавалі, сярод іншага, замах на незаконнае перасячэнне мяжы і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні – арганізацыі «Дапамога», якая спрыяе палітычным уцекачам у Літве.

За спробай эвакуацыі Аніты з самага пачатку сачылі спецслужбы Лукашэнкі ды нават знялі пра гэта адмысловы прапагандысцкі сюжэт. Маўляў, «Дапамога» арганізавала правальную спробу ўцёкаў. Дырэктар валанцёрскай арганізацыі Наталля Калегава гэта зняпраўджвае ды дадае:

«Узялі аднаго палітвязня, схілілі да супрацоўніцтва. Той папрасіў дыяспару, дыяспара папрасіла нейкага чалавека, той папрасіў свайго аднавяскоўца. Аднавяскоўцам аказаўся Коля Куляшоў. Яго і ўзялі падчас гэтага падстаўнога сюжэту».

Потым былі спробы спецслужбаў выдаць сябе за тых, каму патрэбная эвакуацыя з Беларусі, кажа Наталля.

«Ад яго імя мне ўжо пісалі людзі, маўляў, дапамажыце перайсці мяжу. Я людзям казала, я не займаюся такімі рэчамі, я займаюся адаптацыяй беларусаў у Літве. Таму ў гэтым фільме ўсё надуманае».

Аніта Бакуновіч спрабавала ўцячы ў Літву з-пад хатняга арышту, які адбывала паводле народнага артыкулу за ўдзел у пратэстах.

КДБ масава правярае ваенізаваную ахову на чыгунцы. Супрацоўнікаў звальняюць і затрымліваюць па ўсёй краіне. З дакладна вядомых прыкладаў: у Баранавічах з працы звольнілі начальніка атраду і ягонага намесніка, у атрадах ваенізаванай аховы Магілёўскай і Гомельскай вобласцяў адбыліся затрыманні паводле адміністратыўных артыкулаў. Адмыслоўцы сведчаць, што многія з гэтых людзей былі задзеяныя пры перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі па Беларусі.Ваенізаваная ахова на чыгунцы – структура ў межах Белчыгункі. Узброеныя людзі пры патрэбе ахоўваюць грузы па дарозе і на чыгуначных станцыях, масты і пераезды. Раней супольнасць чыгуначнікаў Беларусі апублікавала дакумент, паводле якога з Беларускай чыгункі меліся звольніць дзве тысячы працаўнікоў. Нібыта ў мэтах аптымізацыі. Міністэрства транспарту гэтую інфармацыю назвала «інфармацыйным укідам».

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»