«За перамены» наказваюць карцарам


Актывістка Таццяна Батура, якую затрымалі ў лістападзе перад судом над палітзняволенаю Вольгаю Залатар, правяла на Акрэсціна паўтара месяца. Амаль палову гэтага тэрміну – 20 дзён – у карцары, дзе за ўвесь час ёй ні разу не адклалі ложак для сну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У карцары ўмовы былі значна горшыя, там была толькі халодная вада, халодная падлога з пліткі, на якой даводзілася спаць, пазней туды пачалі падсяляць бяздомных жанчын, у якіх былі вошы», – узгадвае валанцёрка праваабарончага цэнтру «Вясна» Таццяна Батура.

Каб выйсці з карцару, Таццяна 13 дзён трымала галадоўку. Апроч таго, са словаў жанчыны, у дзень затрымання ў Фрунзенскім РУУС намеснік начальніка РУУС Дзяніс Марцуль ударыў яе ў твар, праз гэта яна выцялася патыліцай аб металічны сейф. Жанчына здолела ўцячы, пасля таго як яе адпусцілі на пахаванне бацькі.

«Я разумела, што для мяне не праблема адседзець усё гэта, але мама моцна перажывала. І абмеркаваўшы цягам двух дзён з ёю гэтую сітуацыю, усё ж вырашылі зʼехаць», – кажа Таццяна Батура.

Невыносныя ўмовы ў калоніі, паводле інфармацыі Задзіночання беларускіх студэнтаў, стварылі для асуджаных у так званай справе студэнтаў. Дванаццаці пакараным у гэтай справе не аддаюць лістоў, пагражаюць пазбавіць спатканняў з роднымі, забараняюць кантактаваць з іншымі зняволенымі і чыняць ціск на працоўных месцах. Робіцца гэта нібыта для таго, каб пакараныя падпісалі прашэнні аб памілаванні.

У судзе Ленінскага раёну Магілёва вынеслі першы прысуд у так званай справе Зельцара – за абразу прадстаўніка ўлады. Паводле Генпракуратуры, 45-гадовы магілёвец нібыта размясціў абразлівыя каментары на адрас супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, які загінуў у страляніне з IT-адмыслоўцам летась у верасні.

Акрамя зняволення, суд пакараў магілёўца штрафам тры тысячы дзвесце рублёў і канфіскаваў мабільны тэлефон, з якога нібыта былі зробленыя каментары. Паводле праваабаронцаў, у так званай справе Зельцара затрымалі ўжо каля двухсот асобаў. Семдзесят трох з іх прызналі палітзняволенымі.

Палітвязня Максіма Знака, якога пакаралі 10 гадамі калоніі, этапавалі для адбыцця пакарання ў папраўчую калонію № 3 «Віцьба», паведамляюць праваабаронцы. Сам зняволены ў лістах адзначае, што пакуль застаецца на каранціне. Палітзняволеную Марыю Калеснікаву таксама этапавалі са следчага ізалятару. Пры гэтым нават адвакаты Марыі не ведаюць, куды яе накіравалі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»