Газета Менаблвыканкаму заклікае да ядравага Галакосту


За тры дні жудасных і трагічных падзеяў у Ізраілі Аляксандр Лукашэнка так і не знайшоў часу выказаць афіцыйныя спачуванні сем’ям ахвяраў і пацярпелым ад нападу тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС. Хоць раней не раз называў Ізраіль важным гандлёвым партнёрам. Затое падначаленыя Лукашэнку СМІ ўслед за расейскімі калегамі ўзялі курс на антыізраільскую прапаганду шырокага спектру: ад канспіралагічных тэорыяў да заклікаў узарваць тэрмаядравую зброю над Ізраілем.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хто на каго напаў у Ізраілі ў гэтую суботу? Чаму так шмат забойстваў мірных жыхароў, і хто гвалтаваў захопленых удзельніц ізраільскага музычнага фестывалю? З афіцыйных паведамленняў Міністэрства замежных справаў Лукашэнкі гэта няясна. Там проста кажуць пра «абвастрэнне сітуацыі ў Ізраілі» і заклікаюць да перамоваў. Фактычна лукашэнкаўскі Менск паўтарае пазіцыю Масквы.

«Фармат таго, што адбылося, зусім іншы, чым тое, што мы бачылі раней. І таму рэакцыя Масквы ў старым фармаце “мы заклікаем абодва бакі да выканання правілаў паводзінаў” – гэта ўсё сёння не працуе. І таму сёння гэта выклікае крайняе раздражненне ў Ізраілі», – тлумачыць ізраільскі вайсковы гісторык Якаў Фалькоў.

Дзяржаўныя тэлеканалы Лукашэнкі ўслед за расейскімі адказнасць за напад ХАМАС перакідваюць на Вашынгтон і Джо Байдэна асабіста.

«Паводле ацэнкі шэрагу экспертаў, гэта была стратэгічная задача Вашынгтону – парушыць ізраільска-саудаўскія дамоўленасці і зноўку пасеяць нестабільнасць у рэгіёне», – так на БТ беларусам тлумачылі прычыны трагедыі.

Такую афіцыйную стрыманасць можна патлумачыць тым, што Крэмль нейкім чынам замяшаны ў агрэсію, арганізаваную супраць Ізраілю Іранам і арабскімі дзяржавамі, мяркуе палітолаг Аляксандр Казак.

«Цалкам верагодная беспасярэдняя роля Расеі і гэта моцна блакуе дзеянні беларускага рэжыму», – кажа спецыяліст у нацыянальнай бяспецы.

Але самая агрэсіўная частка прапагандыстаў Лукашэнкі і Пуціна дайшла нават да пагрозаў новага генацыду. Рэдактар расейскага тэлеканалу RT (то бок «Раша Тудэй») Ігар Молатаў апублікаваў калонку ў газеце «Мінская праўда» пад назвай «Паўстанне храбрых», дзе святкуе поспехі ХАМАСаўцаў, называе габрэяў фашыстамі і заклікае ўзарваць тэрмаядравую бомбу над Ізраілем.

«Гэта я раіў узарваць тэрмаядравую бомбу над Сібір’ю. Выбачайце. Трэба ўзарваць над Ізраілем… Перамога Палестыны на акупаваных тэрыторыях – гэта перамога Масквы і Менску», – піша спецыяльны рэдактар RT, калумніст «Мінскай праўды» Ігар Молатаў.

Амбасада Ізраілю ў Менску ўжо атрымала звароты аб гэтай публікацыі ад сваіх грамадзянаў.

«Мы бачым вялікі крок у бок нянавісці [да Ізраілю] і падтрымкі ХАМАС. Гэта даволі моцна адабʼецца ў будучыні, калі [ізраільцяне] дасягнуць стабілізацыі», – падкрэслівае палітолаг Аляксандр Казак.

Генацыдную калонку Ігара Молатава «Мінская праўда» прыбрала толькі на наступны дзень. Але артыкул свайго сталага палітаглядальніка Юрыя Уварава пакінула. Увараў кажа, што Ізраіль сам вінаваты, што трапіў пад атаку ХАМАСаўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі сцяг.
Фота: Sputnik

«Скрайне крывадушная пазіцыя Ізраілю адносна СВА (Спецыяльнай вайсковай аперацыі). Як вядома, габрэйскі народ быў адным з найбольш пацярпелых ад нямецкага фашызму… Але Ізраіль адкрыта падтрымлівае кіеўскую хунту. І давайце будзем шчырымі – кіраўніцтва Украіны складаецца пераважна з габрэяў, шмат хто з іх мае ізраільскія пашпарты. Гэта ж датычыцца большасці ўкраінскіх алігархаў», – піша палітычны аглядальнік «Мінскай праўды» Юрый Увараў.

Газета «Мінская праўда» – афіцыйная газета Менскага абласнога выканаўчага камітэту.

«Далучыліся тэлеграм-каналы, звязаныя з беларускімі сілавікамі, а “Мінская праўда” зʼяўляецца дзяржаўнай газетай. Атрымліваецца, што гэта не схаваная пазіцыя, а неафішаваная пазіцыя, але пазіцыя часткі кіроўнага рэжыму», – тлумачыць эксперт «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Каментар
Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда
2023.10.09 14:49

Рэжым Лукашэнкі нясе адказнасць за такія праявы нецярпімасці да ізраільцянаў, бо дапускае іх, тлумачыць эксперт.

«Аляксандр Лукашэнка заўжды за апошні час займаў пазіцыю барацьбы з так званым “калектыўным Захадам”, а Ізраіль зʼяўляецца часткай гэтага Захаду. Наўпроставых выпадаў супраць Ізраілю ён не рабіў, але перыядычна бывалі выказванні, за якія потым беларускія чыноўнікі прасілі прабачэння», – нагадвае Паўлюк Быкоўскі.

Пры гэтым праціўніца Лукашэнкі Святлана Ціханоўская ад імя дэмакратычных сілаў асудзіла ХАМАС яшчэ ў суботу – у першыя гадзіны пасля атакі на Ізраіль.

«Сёння Ізраіль трапіў пад варварскую атаку з боку тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС. Мы катэгарычна асуджаем гэтую агрэсію, і выказваем падтрымку народу Ізраілю ў іх барацьбе за сваю краіну», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Пытанне ў тым, хто прадстаўляе меркаванне беларусаў для Ізраілю – нелегітымны Лукашэнка ці дэмакратычныя сілы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»