Беларуская аматарская футбольная каманда «Пагоня» перамагла «Вікторыю Зежань»


Беларуская аматарская каманда пад назваю «Пагоня Варшава – Team Ivulin» узяла старт у другім кваліфікацыйным раўндзе Кубку Польшчы па футболе. Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах нашая дружына атрымала ад Польскага футбольнага звязу. Першы двубой на прафесійным узроўні скончыўся для беларускіх спартоўцаў чыстаю перамогаю пяць-нуль.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Суперніцай для беларускай аматарскай каманды «Пагоня» стала статусная каманда «Вікторыя Зежань». Але гэта ніяк не збянтэжыла нашых гульцоў. Тым больш што заўзімацца за маладую каманду сабраліся сотні беларусаў.

Каманда «Пагоня» ўтварылася ўсяго год таму. Адзін з заснавальнікаў ды гульцоў – вядомы блогер, колішні форвард «Крумкачоў» Аляксандр Івулін. Гэты матч стаў для яго першым прафесійным пасля вызвалення з калоніі.

«Мне здаецца, 300-400 гледачоў, якія былі на трыбунах і заўзелі за самых звычайных хлопцаў з Беларусі, гэта было насамрэч нешта выдатнае. Вось можаце падзняць, мурашкі па скуры ідуць. Мне падарылі кнігу, “Рыша, Орша, Ворша” – гэта часцінка радзімы адчуваецца тут», – азначыў  футбаліст, блогер з каналу «ЧестнОК» Аляксандр Івулін.

Падумалі арганізатары і пра тых заўзятараў, што не змаглі наведаць матчу ўжывую і зладзілі онлайн-трансляцыю на ют’юб-канале «Нехта-плюс». Агулам да прагляду далучыліся больш за паўтары тысячы асобаў.

Александр Хацкевич, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульня на Кубку Івуліна. У польскай сталіцы адбылася першая гульня аматарскіх камандаў. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Іншыя каналы не змаглі гэтага трансляваць, таму мы пастанавілі далучыцца ў беларускую інфапрастору ў іншых сферах, у тым ліку і ў спорце. Цяпер пасля першага тайму лік – 4:0, а колькі яшчэ будзе, я не ведаю. Калі хопіць месца на табло», – распавёў блогер, стваральнік «Nexta» Сцяпан Пуціла.

«Як казаў класік: мяч у паветры, коратка пра склады», – пракаментаваў, блогер ды сустваральнік каналу «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка.

Вынік матчу практычна вызначыўся ў першым тайме: «Пагоня» здолела забіць 4 галы. Пасля перапынку малюнак гульні не змяніўся: «Вікторыя» не змагла забіць нават голу прэстыжу. А ў сярэдзіне другога тайму ўвогуле атрымала разгромны пяты мяч у сваю браму.

«Гэта першая наша каманда, якая гуляе на такім узроўні, усё ж гэта Кубак Польшчы. Нашая задача – годна выступіць», – зазначыў абаронца ФК «Пагоня» Аляксандр Собаль.

У наступным раўндзе Кубку Польшчы «Пагоню» чакае мацнейшы супернік – каманда «Варсовія», дзе свой шлях у футболе распачынаў вядомы польскі нападнік Робэрт Левандоўскі.

Павел Алейнікаў, «Белсат»