Расследаванне «Белсату» пра беларусаў-баевікоў, якія ў вайне ва Украіне ваююць на баку Расеі


У эфіры «Белсату» выйшла праграма «Давайце разбірацца» – пра карупцыю, парушэнні заканадаўства на вышэйшым узроўні і тое, што ад нас хаваюць. Новае расследаванне – пра беларусаў, якія сталі на бок Расеі ў вайне супраць Украіны. 

Было некалькі соцень – цяпер гаворка пра дзясяткі. Усё менш беларусаў хочуць ваяваць за Расею на ўкраінскай тэрыторыі. Такую выснову робяць аўтары расследавання праграмы «Давайце разбірацца» і Беларускага расследавальніцкага цэнтру пры падтрыманні «Кіберпартызанаў». Яны высветлілі, хто з нашых суграмадзянаў ідзе ў расейскія баевікі. Гэта людзі з розных мясцінаў Беларусі, ад маладых да старых, часам з крымінальным мінулым.

«Хтосьці з іх быў асуджаны за наркотыкі, паводле наркатычных артыкулаў. Гэта людзі, якія раней працавалі ў сілавых структурах, напрыклад, у РАУСе ці Дэпартаменце аховы. Некаторыя з іх маюць баявы досвед – ва Украіне, некаторыя ў Сірыі і Судане», – распавядае Алесь Ярашэвіч, журналіст Беларускага Расследавальніцкага Цэнтру.

Частка баевікоў даўно вядомая і трапіла ў поле ўвагі «Белсату» яшчэ ў 2014-м годзе. Напрыклад, Анатоль Маўчанаў, які ўдзельнічаў у захопе Данецку расейскімі гібрыднымі сіламі, працягвае ваяваць.

Анатоль Маўчанаў.
Фота: Анатоль Маўчанаў/vk.com

А частка з іх ужо ляжаць ва ўкраінскай зямлі. Ідэйныя баевікі з беларускім грамадзянствам ідуць перадусім у так званую Народную міліцыю ДНР і ЛНР.

«Збольшага, гэта людзі, якія беларусы толькі паводле пашпарту, бо ў галоваў у іх ва ўсіх «русский мир» альбо жаданне зарабіць грошай. А з грашыма лепш, канечне, абстаяць справы ў ЧВК «Вагнер». Яны адкрыта кажуць, што яны плацяць за тое, каб людзі ўдзельнічалі ў вайне», – тлумачыць праваабаронца, кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Прыватную ваенную кампанію «Вагнэр» звязваюць з «кухарам Пуціна», бізнесоўцам Яўгеніем Прыгожыным. Журналіст Аляксей Гуліцкі пад выглядам добраахвотніка затэлефанаваў «вагнераўцам», каб даведацца ўмовы вярбоўкі.

Вось фрагмент тэлефоннай размовы:

«А страхоўка ёсць за раненне?»

«Страхоўка за раненне, двухсоты, крый Божа… Лепш арыентуйся, што будзе адзін заробак».

Абяцаны заробак – 2 тысячы долараў за месяц вайны. Пры гэтым не ўсе расейскія баевікі з беларускім грамадзянствам хаваюць свае твары, некаторыя нават часам ездзяць дадому.

«Напрыклад, мы распавядаем гісторыю Сяргея Ланавенку з Асіповіч, які, як ён нам распавёў, спачатку знаходзіўся ў Марыупалі з пачатку вайны, там займаўся гуманітарнай дапамогай, а потым узяў у рукі зброю, ваюе ў складзе так званай Народнай Міліцыі ДНР», – прыгадвае Алесь Ярашэвіч.

Праграма цалкам – на старонцы Belsat.EU.

Яраслаў Сцешык «Белсат»