Падсумоўваем скандал у «BYPOL»


Чалец «BYPOL» Аляксандр Азараў апублікаваў у сваім Instagram эмацыйны зварот: «Мацвей Купрэйчык (і група асобаў нашай арганізацыі) адмовіўся прайсці паліграфічнае тэставанне, што выклікала сур’ёзныя пытанні. Магчыма, у Мацвея і ягоных калегаў ёсць што хаваць.  Што яшчэ важней, Мацвей звёў з сабою наш афіцыйны YouTube-канал і акаўнты ў сацыяльных сетках». Але праз некалькі гадзінаў свой зварот ён выдаліў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тым часам зʼяўляецца пост у тэлеграме ініцыятывы «BYPOL», які сцвярджае: Аляксандр Азараў – кіраўнік фонду «BYPOL», але не самой ініцыятывы. Фонд быў створаны з выключна тэхнічнай мэтай, каб выплачваць заробкі, выконваць фармальныя функцыі. А яго заснавальнікі Азараў і Лупаносаў здзяйснялі немэтазгодныя фінансавыя аперацыі, таму яны і выключаныя з ініцыятывы «BYPOL».

«Вельмі вялікая колькасць працаўнікоў пайшла з фонду з пытанняў фінансавай неахайнасці, пра што мы напісалі ў нашым пасце. Мы чакаем адказу Азарава. Ён хаваецца ад калектыву 4 дні», – паведамляе прадстаўнік «BYPOL» Мацвей Купрэйчык.

Паводле Мацвея Купрэйчыка, менавіта праз тое, што калектыў абʼяднання не атрымаў адказаў, большасць збайкатавала паліграф:

«Калі мы выявілі вось гэтыя моманты, на мяне пачаўся ціск, і ад гэтага паліграфу адмовіліся іншыя чальцы «BYPOL», бо мы лічым яго ангажаваным, бо яго замовіў Азараў. І пытанні да яго складаў таксама Азараў».

Алег Талерчык раней пайшоў з «BYPOL» з падобнай прычыны. Ён запытаў справаздачу наконт фінансавання – і не атрымаў інфармацыі. Як заснавальнік фонду «BYPOL», ён не захацеў працягваць працу ў няведанні.

«Мы працавалі насамрэч на давер адно да аднаго. Адзін чалавек гэтым даверам пачаў злоўжываць. Першы, хто гэта заўважыў, быў я. Але мне не паверылі. Ну а цяпер яны не на чужых памылках вучацца, а вучацца на сваіх», – распавядае Алег Талерчык.

Аляксандр Азараў паведаміў пра недавер да Мацвея Купрэйчыка, бо той адмовіўся праходзіць паліграф. Але сказаў, што Мацвей Купрэйчык доступу да чат-боту не меў. То бок нават калі праўда на баку Аляксандра Азарава, тыя, хто пісаў у чат-бот плану «Перамога», мусяць быць у бяспецы.

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol», былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК і былы выкладчык акадэміі МУС. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

«Гледзячы гэтыя выпускі і публічныя заявы Азарава, ён узяў усю адказнасць на сябе, што з планам “Перамога” ўсё добра. На сёння ж пытанне стаіць фінансавае і даверу фінансавага. Не стаіць пытанне, ці хтосьці агент або не агент. Хаця Азараў накідвае, што, магчыма, людзі адмовіліся праходзіць паліграф, бо яны супрацоўнічаюць», – каментуе Алег Талерчык.

Талерчык дадае, што ў закіды Азарава ён не верыць і лічыць, што чальцы «BYPOL» не прайшлі паліграф выключна таму, што не атрымалі адказаў на свае пытанні.

Учора раніцай у агентуры Аляксандра Азарава абвінаваціў ананімны тэлеграм-канал «ОШС». А таксама назваў план «Перамога» – імітацыяй. Закіды з «ОШС» Аляксандр Азараў не каментаваў. Каментар наконт скандалу вакол «BYPOL» даў толькі выданню «Зеркало»:

«”BYPOL” захоплены звольненым працаўніком Мацвеем Купрэйчыкам. Таму ў Telegram-канале ён можа публікаваць усё, што яму прыйдзе ў галаву. Я не ведаю, чыя гэта пазіцыя. Я ведаю, што тыя працаўнікі, якія адмовіліся праходзіць паліграф на патрабаванне беларускага народу, паводле апытання, былі звольненыя. Таму што мы з такімі людзьмі працаваць не можам. Мы адказваем перад беларускім народам».

Аляксандр Азараў застаецца на пасадзе прадстаўніка па аднаўленні правапарадку ў Абʼяднаным Пераходным Кабінеце.

«Мы вырашым гэтае пытанне пасля разгляду дакументацыі ў бліжэйшы час. Канешне, я ўпэўненая, што праца “BYPOL” зараз трошкі спыненая з-за гэтага стану. Пакуль я не бачыла ніводнага доказу, ніводнага дакументу пра яго нейкія злачынствы. І такое рашэнне я не магу прыняць», – паведаміла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Іншых каментароў Кабінет не дае і паведамляе пра распачатае правяранне. А таксама просіць усе бакі не выказвацца, пакуль не будзе прынятага рашэння.

Яна Шэк, «Белсат»