9 траўня: «Ніколі зноў» ці «можам паўтарыць»?


Георгіеўскія стужкі, партрэты Сталіна, сцягі з сярпом і молатам, расейскія трыкалоры і праваслаўныя крыжы. 9 траўня такая стракатая палітра на вуліцах беларускіх гарадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фота і відэа прарасейскіх акцыяў «Несмяротны полк» публікуе амбасада Расеі ў Беларусі. Яна ж гэтыя акцыі і арганізоўвае. Пры гэтым пішуць, што ў берасцейскім шэсці ўдзельнічалі госці з акупаванай Запарожскай вобласці.

«Гэта сапраўды падобна на нейкі такі рэлігійны культ, гэта карнавальныя шэсці, калі людзі апранаюць на сябе вайсковую форму. І што больш за ўсё мяне здзівіла – гэта калі дзяцей апранаюць у вайсковую форму», – зазначае старшыня камісіі Каардынацыйнай рады ў справе адукацыі і навукі Павел Церашковіч.

А гэта Дзяржынск. На шэсце з партрэтамі, якое таксама паводле антуражу нагадвае «Несмяротны полк», вывелі школьнікаў.

«Для Беларусі – гэта не Дзень Перамогі, а Дзень смутку і прымірэння. Як ува ўсёй Еўропе», – кажа стваральніца Віртуальнага музею савецкіх рэпрэсіяў Валерыя Чарнаморцава.

Пра гэта ж у сваім звароце да беларусаў казала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Гэты дзень нагадвае нам і пра тое, да чаго вядзе беспакаранасць і неабмежаванасць улады. Калі тыраны ў імя ідэалогіі і ўласных амбіцыяў гатовыя прыносіць у ахвяру жыцці людзей. Вайна, якую развязала Расея супраць Украіны, паказвае, што не ўсе вынеслі ўрок з падзеяў 80-гадовае даўніны».

Ад 2,5 мільёнаў да 3,5 мільёнаў чалавек. Столькі жыхароў, паводле гісторыкаў, страціла Беларусь падчас Другой сусветнай вайны. Паводле ж работніка Генпракуратуры Ігара Мароза, калі б не вайна, у Беларусі цяпер было 17 мільёнаў жыхароў. Пры гэтым пракуратура, якая вядзе справу аб генацыдзе беларускага народу ў гады вайны, забываецца пра беларусаў, якіх знішчыў іншы рэжым, савецкі.

«Я як чалавек, які запісваў вельмі шмат успамінаў былых вязняў ГУЛАГу, – я кожны раз задавала пытанне людзям, якія прайшлі савецкія лагеры: ці можаце вы параўнаць два рэжымы? І большасць з гэтых людзей казалі: так, гэта два аднолькавыя таталітарныя, антычалавечныя рэжымы», – мяркуе Валерыя Чарнаморцава.

Што ж да перамогі 45-га, яе актыўна выкарыстоўвалі савецкія ідэолагі. Тое самае працягваюць рабіць Лукашэнка і Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка прымае парад на Дзень Перамогі. Менск, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: president.gov.by

«Яны выкарыстоўваюць тыя ж самыя савецкія ідэалагемы. І будуць далей выкарыстоўваць. Той жа палёт Васілеўскай – гэта чыстай вады касплэй савецкіх касмічных праграмаў. Толькі тое, як яны спрабуюць выкарыстоўваць савецкія наратывы, атрымліваецца ў іх вельмі кепска», – гаворыць краязнавец Ігар Казмярчак.

Мы не хочам вайны, але з усіх бакоў ворагі, нам пагражаюць і хочуць нас захапіць. Гэткая мантра Лукашэнкі гадамі перацякае з выступлення ў выступленне, з нарады ў нараду.

«Гэты наратыў дае яму тое, чаго ў яго насамрэч няма. У яго няма легітымнасці. Яго не выбралі. Але вайна, ваенная пагроза калі ўзнікае, патрэбны хто? Патрэбны правадыр, патрэбны вайсковы кіраўнік. Таму ён усё гэта і выкарыстоўвае», – кажа Павел Церашковіч.

Па меры ж набліжэння да 79 гадавіны перамогі Лукашэнка вярнуўся да сваёй ядравай рыторыкі, анансаваўшы вучэнні з Расеяй. Вядома, выключна ў абаронных мэтах.

Алесь Яшчанка, «Белсат»