Смаленскі мост: абрынуўся ў Вязьме – адчулі ў Беларусі


Адна асоба загінула, шасцёра пацярпелі. Такі вынік абрынання аўтамабільнага маста над чыгункай у Вязьме на Смаленшчыне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Трагічны выпадак адбыўся напярэдадні каля сямнаццатай гадзіны. З вышыні ўпалі некалькі аўтаў, якія ехалі па масце, у тым ліку цяжкавік. Паводле мясцовых уладаў, абрынуліся шэсць з сямі пралётаў.

«Па сутнасці трэба рыхтаваць новы праект, будаваць новы мост, бо гэты мост аднаўляць няма ніякага сэнсу, па сутнасці новая будова», – заявіў губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін, які прыбыў на месца здарэння.

Абвал маста пашкодзіў сеткі газазабеспячэння, амаль 9 тысячаў чалавек засталіся без газу. Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу за нядбайнасць па факце абвалу маста і гібелі чалавека.

«Працягваецца агляд месца здарэння, праводзіцца выманне дакументацыі, датычнай абслугоўвання пуцеправоду і праведзенага ў 2023 годзе чарговага рамонту. Дапытваюцца службовыя асобы муніцыпалітэту і відавочцы здарэння, прызначаныя неабходныя судовыя экспертызы», – паведаміла прадстаўніца Следчага ўпраўлення Следчага камітэту Расеі па Смаленскай вобласці Наталля Зуева.

Панінскі мост пабудавалі ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, прынамсі апошніх восем гадоў гаварылася пра неабходнасць капітальнага рамонту. Апроч карупцыі і нядбайнасці, прычынай абрынання можа быць век маста, мяркуе каардынатар Беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Зміцер Кухлей:

«Яшчэ патрабаванні былі зусім іншыя да гэтых мастоў, магчыма, павялічылася нагрузка на гэты мост, што паўплывала на ўстойлівасць і канструкцыю, такое здараецца, бо змянілася колькасць перавозаў і грузапад’ёмнасць аўтамабіляў».

Станцыя Вязьма – буйны чыгуначны вузел. Абвал заблакаваў каляіны на перагоне Вязьма-Сямлёва, які мае важнае транспартавае значэнне. Па ім не толькі курсуюць пасажырскія цягнікі паміж Расеяй і Беларуссю, не толькі дастаўляюць тавары ў Расею, у тым ліку і вайсковыя грузы. Паводле неафіцыйнай Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, гэта таксама галоўны кірунак перавозаў паміж Кітаем і Еўропаю, міжнародны транспартавы калідор № 2.

Аварыйныя работы на чыгунцы пасля абрушэння мосту ў Вязьме, Расея. 9 красавіка 2024 года.
Скрыншот: mzd_rzd / Telegram

«Гэта 10-15 параў грузавых цягнікоў за содні з прапускной здольнасцю 30 параў цягнікоў за содні. Акрамя таго, гэта асноўны і, можна сказаць, адзіны калідор для пасажырскіх цягнікоў кірунку Масква-Менск: цяпер ад 14 да 23 цягнікоў кожныя содні», – гаворыцца ў тэлеграм-канале супольнасці.

Абʼязджаць месца аварыі магчыма двума шляхамі: з поўначы праз Вялікія Лукі і Віцебск, або з поўдня – праз Калугу, Бранск і Гомель. Але, паводле Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, цалкам перакіраваць рух не ўдасца, бо гэтыя шляхі не электрыфікаваныя.

Беларуская чыгунка ў звязку з аварыяй змяняе парадак пропуску цягнікоў, што едуць праз Вязьму. Але аператары прынамсі сёння ўдзень давалі аптымістычныя адказы:

«Вечаровы сказаў: найхутчэй паедзе паводле графіку і прыбудзе паводле графіку. То бок адправіцца дакладна паводле графіку і прыбудзе найхутчэй таксама. Там ужо да вечара, магчыма, усё разбяруць і ўсё адновяць».

Хоць дамба ў Орску, якую напярэдадні прарвала чарговы раз, значна навейшая за мост у Вязьме, абодва выпадкі, на думку нашага эксперту, укладваюцца ў карупцыйныя схемы, характэрныя для галіны будаўніцтва ў Расеі.

«Расследаванняў колькі было, у тым ліку Навальнага, пра карупцыю ў будаўнічай сферы. І, на маё меркаванне, цалкам магчыма, што вялікая колькасць сродкаў пайшла не на будову гэтага маста ці кантроль над ім, рамонтныя працы альбо на гэтую дамбу. Значная колькасць сродкаў сышла налева», – мяркуе Зміцер Кухлей.

Нямала падобных аварыйных мастоў і ў Беларусі. Да прыкладу, у «Менскаблдарбудзе» паведамілі, што трэба закрываць мост праз раку Пліса на дарозе Смалявічы-Жодзіна. Маўляў, на ім выяўленыя крытычныя дэфекты, што ўплываюць на бяспеку руху.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»