Лукашэнка губляе расейскі рынак?


Дыміць аўтобус «МАЗ». Гэтым разам не ў Расеі, а на плошчы Леніна ў Берасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта добрыя, якасныя аўтобусы. Праўда, гараць дзесьці. А ў Беларусі, я спытаў, у Беларусі не гараць». – казаў Лукашэнка летась.

Цяпер жа прызнаў праблемы з якасцю не толькі МАЗаў, а ўсёй прадукцыі беларускай прамысловасці. І гэта ў абвешчаны ім жа Год якасці.

«Санкцыі дзеюць, і гэта вельмі важна. У цяперашні час у Беларусі складваецца такая абстаноўка на прадпрыемствах, што абсталяванне робіцца ўсё горшым і магчымасці рабіць лепшае няма», – патлумачыў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

У выніку беларускія вытворцы губляюць пазіцыі нават на рынку, здавалася б, прыязнай Расеі. Паводле Лукашэнкі, праблемы ўзніклі прынамсі з трактарамі. Летась экспарт у суседнюю краіну скараціўся на 18 адсоткаў. Але ж спраўдзіць гэтыя лічбы складана, бо Белстат хавае статыстыку пра вонкавы гандаль. Эксперты ж адзначаюць, што спрыяльных фактараў для росту беларускага экспарту ў Расею не засталося.

«Трэба разумець, што ў 2022-м і першай палове 2023 года склалася празмерна спрыяльная сітуацыя на расейскім рынку для беларускай прамысловасці. Па-першае, з расейскага рынку шмат якія заходнія кампанія сыходзілі. Па-другое, попыт, звязаны з вайной, ваеннымі патрэбамі Расеі. І па-трэцяе, гэта менш відавочна, але гэта было, напэўна, вельмі важна – вельмі спрыяльная цэнавая кан’юнктура і суадносіны курсаў», – распавёў старэйшы даследчык BEROC Зміцер Крук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адна са старых мадэляў МАЗ на пастаменце каля заводу. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Цяпер жа ў плане коштаў на расейскім рынку лідаруюць кітайскія вытворцы, канкураваць з якімі беларускім прамыслоўцам вельмі цяжка, адзначыў эксперт.

«Дыверсіфікацыя» – папулярнае слова падчас нарадаў у Лукашэнкі. Вось і сёння ён заклікаў арыентавацца на гэтак званыя краіны дальняй дугі. Маўляў, у Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы ды Азіі – вялізны попыт на беларускую прадукцыю.

«Рыторыцы пра дыверсіфікацыю, пра тое, што мы пойдзем туды, дзе нас чакае Афрыка і гэтак далей вельмі шмат гадоў. А вынікаў вельмі няшмат. Таму нейкіх відавочных рашэнняў я не бачу. Перш за ўсё таму што канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі пры ўмове таго, што мы залежныя лагістычна ад Расеі, вельмі маленькая», – патлумачыў Зміцер Крук.

Да таго ж прынамсі ў сяброўскім Зімбабвэ, куды рэжым найбліжэйшымі гадамі плануе паставіць больш за 3 тысячы трактароў, ужо змаглі ацаніць якасць беларускай тэхнікі.

Аднак неўзабаве паводле ўзроўню якасці беларуская прамысловая прадукцыя дагоніць японскія аналагі. Прынамсі такое заданне Лукашэнка паставіў чыноўнікам. Мэта ёсць, але ж ці хопіць рук? Бо ён сам кажа пра «павальны дэфіцыт працаўнікоў у прамысловасці». Толькі на МАЗе – некамплект 13 адсоткаў. Лукашэнка прапанаваў вяртаць на працу пенсіянераў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»