Сто на сто: Украіна і Расея абмяняліся ваеннапалоннымі


Ваяры ЗСУ на роднай зямлі. Украіна і Расея зладзілі абмен ваеннапалоннымі ў фармаце сто на сто. Пасярэднікам выступілі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Агульная лічба вернутых назад нашых герояў ужо складае 3135 асобаў. Гэта ўражальная лічба, але яшчэ шмат працы, шмат хлопцаў застаецца ў палоне, і мы будзем працаваць далей», – заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў.

Сярод выдадзеных з Украіны ў Расею ёсць грамадзянін Беларусі. Максім Зязюльчык служыў у ПВК «Рэдут» і трапіў у палон у верасні 2022 года. Украінскі суд прыгаварыў яго да 10 гадоў зняволення за найміцтва.

«Я вяртаўся з задачы адзін. Зайшоў на адну кропку дыслакацыі, на іншую, тут пачаўся штурм. Мы пачалі адыходзіць – на нас выйшлі дзве штурмавыя групы ўзброеных сіл Украіны», – узгадваў абставіны трапляння ў палон Зязюльчык.

Згодна з паказаннямі Зязюльчыка, ён апынуўся ў расейскай арміі не з уласнае ініцыятывы, а на заданне КДБ. На вайне пад выглядам найміта ён нібыта збіраў інфармацыю пра замежнае ўзбраенне ЗСУ ды планы расейскіх ПВК зрынуць Лукашэнку:

«Нашая група павінна была адправіцца ва Украіну з мэтай перадачы расейскіх пазіцый нашаму сувязному».

Зязюльчык не адзіны грамадзянін Беларусі, якога адправілі ў рамках абмену ў Расею. 31 студзеня Украіна перадала РФ Максіма Запеку. Між тым пра абмен беларусаў з боку Расеі інфармацыі няма. Хаця нашыя ваяры дакладна траплялі ў палон да расейцаў, напрыклад, добраахвотнікі палка Каліноўскага Ян (Тромблі) Дзюрбейка і Сяргей (Клешч) Дзёгцеў.

«На сёння нават не ўстаноўленае іх месца знаходжання, дзе яны адбываюць тэрмін, асуджаныя яны ці не. Мы маем толькі тое інтэрвʼю, якое выйшла адразу пасля іх затрымання, пасля таго бою, у якім загінулі нашыя беларусы ўключна з «Брэстам» і астатнімі, – кажа кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько. – ГУР гаворыць, каб мы ў гэтую тэму не ўлазілі, яны гэтым займаюцца, уся інфармацыя ідзе праз іх».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія ваеннапалонныя, захопленыя ў Белгародскай вобласці. Скрыншот з відэа russvolcorps / Telegram

Палітык Зянон Пазняк раней прапаноўваў абмен грамадзянаў Беларусі, якія ваявалі за Расею і трапілі ва ўкраінскі палон, на беларускіх палітзняволеных:

«У міжнароднай практыцы што толькі не мянялася. І Уладзіміра Букоўскага на Луіса Карвалана. Таму гэта абсалютна рэальная прапанова».

Зрэшты, рэжым Лукашэнкі як быццам увогуле не зацікаўлены ні ў якіх абменах або перамовах на гэты конт.

«Рэжым Лукашэнкі дазваляе на тэрыторыі сваёй дзяржавы вербаваць сваіх грамадзянаў іншай дзяржаве-агрэсару, выкарыстоўваць іх у якасці наймітаў. Пры гэтым ён не робіць нічога, каб вызваліць сваіх грамадзян», – мяркуе народны дэпутат Украіны, юрыст-міжнароднік Аляксандр Мэрэжка.

Да таго ж Аляксандр Мэрэжка звяртае ўвагу, што рэжым Лукашэнкі не асуджае беларускіх грамадзянаў, якія ваююць на баку Расеі. Хаця, згодна з Крымінальным кодэксам РБ, наёмніцтва караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Ян Федаровіч, «Белсат»