Рэжым вызначыў лёс беларускай лацінкі?


Чыноўнікі ўсё ж такі паставяць кропку ў пытанні з беларускаю лацінкай у транслітарацыі на шыльдах і ў транспарце. Паводле выдання «Зеркало», у адным з тэлеграм-каналаў апублікавалі дакладную запіску ад імя Ігара Сергеенкі – старшыні адміністрацыі Лукашэнкі. Чыноўнік тлумачыць неабходнасць адмовіцца ад лацінкі тым, каб не дапусціць прасоўвання, «чужых пісьмовых традыцыяў і культурных каштоўнасцяў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Думка пра чужыя пісьмовыя традыцыі альбо хлусліва-дэмагагічная, альбо, не здзіўлюся, што проста непісьменныя людзі, якія зараз апынаюцца на версе ўлады, робяць гэта па прынцыпе лаяльнасці», – адзначыў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Цяпер лацінка на ўказальніках, паводле дакладной запіскі Сергеенкі, «ускладняе ўспрыманне інфармацыі і замінае арыентаванню». Двайны варыянт напісання з’явіўся на вуліцах Менску ў 2014 годзе адмыслова перад Чэмпіянатам свету па хакеі, калі ў краіну прыязджалі замежнікі, якія не карыстаюцца кірыліцаю.

«Гэта знак таго, што гэта горад свету, горад, дзе рады гасцям. Калі хтосьці гаворыць пра нязручнасць лацінкі, хутчэй за ўсё, гэта чалавек, які выхаваўся, вырас глыбока ў рускім свеце», – мяркуе Андрэй Хадановіч.

Спрэчкі вакол беларускай лацінкі на табліцах і ў транспарце чарговы раз разгарэліся напрыканцы мінулага года з падачы прапагандыстаў. Сярод іх – сумна вядомая «інфаспецназаўка» Вольга Бондарава. Выкарыстанню беларускай лацінкі яна прысвяціла шэраг разгромных публікацыяў у сваім тэлеграм-канале.

«Бачыць на плошчы Перамогі над нацызмам лацінку, на якой нацысцкія халуі выдавалі свае паганыя агіткі, – гэта кашчунства!!! Рэальна, ажно ў пот кінула ад разумення. Гэта трэба спыніць! І прывесці ўсе інфармацыйныя шыльды ў парадак адносна Канстытуцыі! У нас дзве дзяржаўныя мовы! Расейская і беларуская!», – напісала Бондарава ў адным з пастоў.

З улікам падобных заяваў прапагандыстаў летась у снежні пры адміністрацыі Лукашэнкі адбыўся Рэспубліканскі савет у справе гістарычнай палітыкі. Тады канкрэтнае рашэнне аб беларускай лацінцы прынятае не было. Цяпер, як вынікае з апублікаванага дакументу, частка дзяржаўных органаў на даручэнне рэжыму ўжо адмовілася ад ужывання лацінкі.

«Сёння, мне здаецца, гэта адзін з такіх момантаў, калі Расея спрабуе ціснуць на Беларусь ці гэта гандаль з Расеяй, маўляў, глядзіце, мы з вамі блізкія, мы з вамі гатовыя пайсці на такі крок – адмовіцца ад беларускай лацінкі. Насамрэч беларуская лацінка паказвае адну з унікальнасцяў – тое, што ёсць у беларусаў», – патлумачыў кіраўнік суполкі БХД у Варшаве, гісторык Яўген Дудкін.

Барацьба з лацінкай, мяркуюць эксперты, паказала, што афіцыйная Беларусь ператварылася ў каланіяльны прыдатак «русского мира» і абслугоўвае ягоныя патрэбы. Яўген Дудкін задаецца пытаннем: ці не варта чакаць з такою тэндэнцыяй адмены беларускамоўных надпісаў і на кірыліцы?

Ірына Юрʼева, «Белсат»