Ці гатовая Украіна да зімы?


Нямецкая сістэма супрацьпаветранай абароны «Gepard» – менавіта на яе разлічваюць украінскія вайскоўцы, рыхтуючыся да зімовых атак Расеі на энергасістэмы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы разумеем, што вораг не пакінуў сваіх злачынных намераў датычна ўдараў па крытычна важных аб’ектах інфраструктуры, каб нанесці шкоду Украіне і яе эканоміцы. Таму мы робім усе захады для яе прыкрыцця і ўзмацнення сістэмы супрацьпаветранай абароны», – кажа камандуючы Абʼяднанымі сіламі ЗСУ Сяргей Наеў.

Амаль палова энергетычнай сістэмы Украіны была пашкоджаная расейскімі нападамі мінулаю зімою, калі Масква выпусціла сотні беспілотнікаў «Shahed» і крылатых ракетаў па ўкраінскіх электрастанцыях і трансфарматарах. Паводле Міністэрства энергетыкі, на канец жніўня блокі атамных электрастанцыяў адрамантаваныя напалову, а гідраэлектрастанцыі ды цеплавыя электрастанцыі – на дзве траціны. Цеплацэнтралі, якія даюць адначасова і электрычнасць і цяпло, гатовыя да зімы на 70 адсоткаў.

«Цяпер ацэньваецца гатовасць кампаніі “Укрэнерга”, якая адказвае за перадачу электрычнай энергіі высакавольтнымі лініямі, на ўзроўні 90 адсоткаў», – кажа дырэктар энергетычных праграмаў Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Найбольш стратаў ад расейскіх абстрэлаў зазналі сістэмы размеркавання электраэнергіі, кажа Юрый Каральчук. З дзевяноста ўкраінскіх падстанцыяў пацярпела траціна, а дзесяць – былі разбураныя вельмі моцна. Пасля рамонту не ўсе з іх змаглі аднавіць працу на сто адсоткаў. І не толькі праз нястачу сродкаў.

«Проста фізічна немагчыма асвоіць усё за паўгода. Праблема і замовіць абсталяванне, і дачакацца, і даставіць ва Украіну ва ўмовах адсутнасці мора – усё па сушы трэба везці. І адсутнасць працаўнікоў, кадраў – гэта таксама вялікая праблема», – падкрэслівае эксперт Інстытуту энергетычных стратэгіяў Юрый Каральчук.

Батарея, отопление, коммунальные услуги, коммуналка, носки
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Батарэя ў доме. Менск, Беларусь. 2 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Ёсць праблемы і з газам. Цяпер Украіна не набывае газ у Расеі, а выкарыстоўвае толькі рэверс трубаправодаў для пастаўкі газу з Еўропы і для перапампоўвання ўласнага газу па краіне. Паводле плану Кабінету Міністраў, у падземных сховішчах да зімы мелі назапасіць 14,7 мільярдаў кубаметраў. На канец жніўня запампавалі ўжо 13 мільярдаў кубаметраў. Але на выпадак адключэння транзіту з Расеі такога запасу мала, бо не захаваецца патрэбны ціск, кажа Юрый Каральчук:

«Тады могуць зʼявіцца так званыя графікі адключэння газу. Гэта кепска, бо гэта дадатковая нагрузка, амартызацыя, аварыйнасць падвышаная газаразмеркавальных станцыяў. Але гэта выйсце з сітуацыі».

Спыненне часткі прамысловасці, акупаваныя тэрыторыі ды разбураныя гарады, якім не патрэбная энергія, а таксама гераічная праца энергетыкаў для аднаўлення пашкоджанняў – усё гэта дапамагло перажыць мінулую зіму без некантраляванага блэкаўту. Дапамагала і міжнародная супольнасць – гуманітарныя арганізацыі ахапілі дапамогаю больш як два мільёны ўкраінцаў і раздалі больш за чатыры тысячы пераносных генератараў. Збіраюцца дапамагаць і сёлета, абвесціў прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык:

«Мы разам з партнёрамі распачалі ініцыятыву з заклікам сабраць 268 мільёнаў долараў ЗША, каб падтрымаць больш за мільён трыста тысячаў чалавек канкрэтнаю дапамогай за бліжэйшыя зімовыя месяцы».

Летась зіма была не цяжкой. Сёлетняя, кажуць сіноптыкі, будзе залежаць ад кліматычнай зʼявы Эль НІннё. Яна ўплывае на надворʼе ва ўсім свеце і можа прывесці да анамальнай цеплыні ўвосень і мяккай зімы ва Украіне, але дакладныя прагнозы рабіць яшчэ зарана. А рыхтавацца лепш да горшага, падкрэсліваюць нашыя эксперты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»