Што чакае расейскага дэзерціра ў Польшчы?


Нелегальна перакрочыў беларуска-польскую мяжу, меў пры сабе вайсковыя дакументы. Польская памежная служба затрымала расейскага дэзерціра, які ўцёк з вайны ва Украіне. Расейская амбасада ў Варшаве заявіла, што польскія ўлады іх пра гэта не праінфармавалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Незвычайныя ўцёкі. Польская памежная ахова напаткала дэзерціра з расейскага войска, які збег з фронту ва Украіне.

«Працаўнікі Падляскага аддзелу Памежнай аховы затрымалі 41-гадовага мужчыну, дэзерціра з расейскага войска, які нелегальна перайшоў мяжу з Беларусі ў Польшчу. Цяпер праводзяцца адпаведныя дзеянні», – распавёў «tvp.info» маёр, прэс-сакратар галоўнага каменданта Памежнай аховы Польшчы Анджэй Юзвяк.

Паводле інфармацыі радыё «RMF FM», гэтай справай зацікавілася Агенцтва ўнутранай бяспекі. Польскія органы спраўджваюць, якая была рэальная мэта расейскага ўцекача. Ці збіраўся ён застацца ў Польшчы, ці перамяшчаўся далей на Захад. І ці не меў ён заданне шпіёніць альбо ладзіць дыверсіі.

«Думаю, што і польскія ўлады, і людзі з Еўразвязу і NATO будуць вельмі асцярожна і ўважліва глядзець на гэтага чалавека. І чым гэта скончыцца, мы пакуль не ведаем», – кажа ў каментары «Белсату» польскі палітолаг, доктар сацыяльных навук, універсітэт «Vistula» Пётр Касьціньскі.

Яшчэ ў 2022 годзе, калі Пуцін аб’явіў гэтак званую частковую мабілізацыю, польскія ўлады не былі ахвотныя прымаць дэзерціраў з Расеі. Вось што казаў тагачасны кіраўнік кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы ў 2022 годзе ў інтэрв’ю Польскаму радыё:

«Мы не плануем прымаць расейскіх грамадзянаў, якія дагэтуль падтрымлівалі рэжым Уладзіміра Пуціна, а цяпер раптам, як паўстала перспектыва, што ім самім давядзецца не толькі на словах падтрымліваць рэжым, але і апынуцца на фронце, дык яны раптам робяцца вялікімі дэмакратамі і плануюць пакінуць Расею».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле медыяў, расейскі жаўнер трапіў на тэрыторыю Польшчы ў цывільным адзенні, без зброі, праз канал нелегальнай міграцыі, арганізаваны рэжымам Лукашэнкі. Да таго ж, ён мог добраахвотна пайсці на вайну супраць Украіны, паколькі пры ім знайшлі вайсковы кантракт. Тым не менш, тэарэтычна, гэты чалавек можа атрымаць прытулак у Польшчы, нягледзячы на ранейшыя палітычныя дэкларацыі.

«Мы бачым, што шмат разоў заяўлялі Нямеччына і Францыя, што яны гатовыя прымаць расейскіх дэзерціраў, што не прывяло ні да якіх наступстваў, мы не бачым хвалі дэзерціраў у гэтых краінах. З простых прычынаў: бюракратычна, юрыдычна рэалізаваць гэты намер аказваецца вельмі нялёгка», – гаворыць Іван Чувіляеў, прадстаўнік расейскага праекту «Идите лесом», які дапамагае расейцам пазбегнуць службы ў войску.

Як звяртае ўвагу прадстаўнік праекту «Идите лесом», ані праваабаронцы, ані Захад не могуць адказаць на пытанне, якая будучыня чакае расейскіх вайскоўцаў, што вырашаць пакінуць службу. Працуе галоўны аргумент: вы не будзеце забойцамі, і часта гэтага дастаткова для адважных рашэнняў. Арганізацыя сцвярджае, што дапамагла пазбегнуць удзелу ў вайне ўжо прыкладна трыццаці тысячам расейцаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»