Адбыўся першы паўфінал «Еўрабачання-2024»


«Я дзівачка, і я вядзьмарка», – так на пытанне, што робіць яе асаблівай, адказала Бамбі Таг. Прадстаўніца Ірландыі з песняй пра разбітае сэрца прайшла ў фінал «Еўрабачання». А разам з ёй музыкі і выканаўцы з Сербіі, Літвы, Ірландыі, Украіны, Харватыі, Славеніі, Фінляндыі, Партугаліі, Кіпру і Люксембургу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спявачка Талі сваім выступам перарвала паўзу для Люксембургу, які не ўдзельнічаў у «Еўрабачанні» 31 год:

«Гэта цудоўны конкурс, што аб’ядноўвае ўсе культуры і ўсіх людзей. Я думаю, што гэта вельмі прыгожа. І я спадзяюся, што мы натхнім іншыя краіны вярнуцца на “Еўрабачанне” або ўзяць удзел упершыню».

Гарачым і разняволеным шоу ўразілі гледачоў фінскія ўдзельнікі «Windows95man». Падчас выканання песні «Без правілаў!» адзін з салістаў быў без майткоў.

Фаварытамі ў букмекераў сярод тых, хто ўжо выступіў у першым паўфінале, лічацца харвацкі гурт «Baby Lasagna» і ўкраінскі дуэт Алёна Алёна і Джэры Гэйл.

«На гэтым Еўрабачанні найбольшая колькасць удзельнікаў, што спяваюць на сваіх родных мовах. Гэта вельмі крута, бо для вас гэта суперквэст, спаборніцтва “ці зможаце вы паўтарыць незнаёмую мову?”» – сказала падчас прэс-канферэнцыі Алёна Алёна.

Слоган леташняга конкурсу, «United By Music» ці «Абʼяднаныя музыкай», арганізатары вырашылі захаваць і на ўсе наступныя імпрэзы.

Фінскія ўдзельнікі «Windows95man».
Фота:  Jessica Gow / TT newsagency / Forum

Нягледзячы на ўзмоцненыя захады бяспекі праз сітуацыю з Ізраілем і прапалестынскія пратэсты ў Мальмё, «Еўрабачанне» па-ранейшаму пазіцыянуе сябе як конкурс па-за палітыкай. Пацвярджаюць гэта і гледачы:

«Гэта любоў і атмасфера сярод публікі цудоўная, усе такія шчаслівыя. І музыка!»

«Я прыехаў з сябрамі з Нідэрландаў, я чакаю вясёлага вечара, каб падтрымаць еўрапейскую ідэю быць разам, быць свабоднымі, быць тым, кім мы хочам і насалоджвацца музыкай, смехам і любоўю».

Заўтра пройдзе другі паўфінал, падчас якога выступяць яшчэ 16 канкурсантаў, а пераможцу вызначаць у суботу 11-га траўня. Там да дваццаткі абраных падчас паўфіналаў далучацца прадстаўнікі краіны-гаспадыні і краінаў «Вялікай пяцёркі». Сёлета ўпершыню яны таксама выступаюць і ў паўфіналах, каб гледачы маглі пачуць іхныя песні, як і іншыя, – яшчэ да фіналу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»