Грамадскі транспарт у Беларусі – частка праблемаў беларускай эканомікі


Непунктуальны, небяспечны і дыскамфортны. Вось тры асноўныя прэтэнзіі да грамадскага транспарту Беларусі, якія высветліў партал «Рetitionsby». Скаргі і прапановы на тэму пасажырскіх перавозаў – сярод самых вострых на гэтым рэсурсе. У адказ на запыты журналістаў мясцовыя ўлады прызнаюць наяўнасць праблемы, але амаль нічога не робяць.

«Пытанне, напэўна, не ў тым, наколькі эфектыўна ці неэфектыўна працуе прамысловасць. А ці ёсць у мясцовых бюджэтах магчымасці для замены аўтапарка, для набыцця неабходных камплектуючых і так далей, – адзначыў старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. І чым больш далёка мы пойдзем у рэгіёны Беларусі, тым больш відавочнай будзе гэтая праблема».

Зрэшты, не абавязкова ехаць у нейкія аддаленыя вёскі. У Віцебску жыхары таксама скардзяцца на дрэннае транспартавае абслугоўванне:

«Вось узяць бы гэтых дырэктараў і начальнікаў, якія звязаныя з грамадскім транспартам, і пакатаць на іх транспарце. Знялі ўсе магчымыя маршруты. Затое аўтобусны парк маршрутак закупіў».

«Нават днём цяпер з Білева кудысьці даехаць на аўтобусе цяжка. Паміж аўтобусамі фортачкі па 2 гадзіны».

«Няхай яны з апошняга дызеля з Полацку дабяруцца хоць куды-кольвек. Тралейбус сыходзіць за 2 хвіліны да прыходу дызеля, потым трэба чакаць наступнага 40 хвілінаў. Падобна, яны расклад наогул малююць «от балды», і на людзей ім абсалютна пляваць».

Цэлы комплекс праблемаў існуе і ў Гомлі. Гомельцы скардзяцца на недасканалыя маршруты ў новых гарадскіх раёнах і на нязручны расклад руху. А чыноўнікі на просьбы падоўжыць маршрут і павялічыць на ім колькасць транспарту адказваюць: немэтазгодна, нерэнтабельна! На прыватнага перавозніка ў такім выпадку разлічваць не варта. Прыватнік будзе зацікаўлены толькі ў запартабаваным маршруце.

Яшчэ адна бяда: па дарогах Гомельшчыны ездзяць аўтобусы, зношаныя ўжо на 80 і нават болей адсоткаў. Гэта вынікае з афіцыйных адказаў чыноўнікаў-транспартнікаў. Пры гэтым аўтобусы, тралейбусы і электробусы ў Беларусі вырабляюць ажно тры заводы. Архітэктар, урбаніст Сяргей Ляпін адзначыў, што на транспартавых прадпрыемствах спрабуюць пераадолець найбольш складаныя задачы, але далёка не ўсё цяпер залежыць ад кіраўніцтва.

«Ёсць невялікі патэнцыял аптымізацыі на месцах, – перакананы Сяргей. – Гэта змены ў алгарытмах аплаты, гэта змены ў прыярытэтах. Напрыклад, ёсць аўтапаркі, якія шмат энергіі губляюць на нейкую ідэалагічна-прапагандысцкую, не профільную працу».

У Жодзіне Менскай вобласці ў ранішні час пік загарэлася кола рэйсавага аўтобуса. Кіроўца высадзіў пасажыраў і здолеў загасіць агонь. Ніхто не пацярпеў. Пазней у мясцовым аўтапарку далі інцыдэнту тлумачэнне: «МАЗ-103 зроблены ў 2010 годзе, і на сёння яго знос складае 100 %. Але праз нястачу рухомага складу мы яго часта рамантуем і часам выводзім у горад, каб закрыць лінію».

А за паўгода да гэтага пажару іншы аўтобус, выпушчаны ў 2008 годзе, згарэў праз няспраўную электраправодку на тэрыторыі таго ж аўтапарку. Прычына, паводле адмыслоўцаў, у тым, што машына цалкам вычарпала рэсурс, а новага транспарту пакуль няма. Нават у Жодзіне – невялікім горадзе з такім падаткаплатнікам, як легендарны «БелАЗ».

Прадпрыемства таксама можа адчуваць пэўныя складанасці з атрыманнем прыбыткаў, асабліва ў сітуацыі накладзеных заходніх санкцыяў праз дзеяння рэжыму Лукашэнкі. Таму, паводле Юрыя Губарэвіча, жодзінцам давядзецца задаволіцца сітуацыяй, якая ёсць. Або выходзіць на пратэсты і патрабаваць «глабальных зменаў у Беларусі зараз з усімі іншымі жыхарамі нашай краіны, якія бачаць, што ў такой сітуацыі жыць далей немагчыма».

На адным толькі прадпрыемстве «Віцебскаблаўтатранс» узімку было больш за 160 вакансіяў. А са снежня адтуль звольнілі як найменей 56 кіроўцаў.

Марына Яновіч, «Белсат»