На беларускім аўтарынку пачалася ліхаманка


За першыя два месяцы гэтага года ў Беларусь з Літвы завезлі больш за 2 600 ужываных аўтамабіляў. За год жа гэтая лічба ўзрасла амаль у 10 разоў. Паводле звестак літоўскага тэлеканалу «LNK», беларусаў найперш цікавяць недарагія аўты коштам 4–5 тысяч еўраў. Пры гэтым шмат хто карыстаецца зніжкамі пры размытненні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ў яе аб’ём рухавіка – да паўтара літра, то размытненне будзе 2,5 тысячы еўра, – кажа ўладальнік аўтасэрвісу Сяргей Прудштэйн. – Але калі скарыстацца паслугамі бабуляў-дзядуляў і так званых нелегалаў, тады размытненне будзе за паўцаны: не 2500 еўра, а 1250. Плюс даць на гарбату чалавеку, які гэта зрабіў».

Такая шчыліна сталася магчымаю дзякуючы ўказу Лукашэнкі, які дзеіць з 2019-га года. Згодна з дакументам, ільготы пры размытненні маюць некалькі катэгорыяў насельніцтва – у тым ліку асобы з інваліднасцю і шматдзетныя бацькі.

«Такая ідэя – яна была добрая, – разважае старэйшая навуковая працаўніца цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна. – Ва ўмовах, калі пагаршаецца эканамічная сітуацыя, людзі пачынаюць шукаць нейкія шчыліны. Напрыклад, танней прыгнаць аўтамабіль. Магчыма, зараз зʼявіліся злоўжыванні гэтымі ільготамі».

Павелічэнне закупаў ужываных аўтаў выглядае як спроба насыціць рынак: у нашай краіне моцна праселі продажы новых аўтамабіляў. Адна з прычынаў – вайна ва Украіне. Большасць сусветных брэндаў закрыла свае прадпрыемствы ў Расеі. Адпаведна скараціўся асартымент новых аўтамабіляў у Беларусі. Да таго ж працягваюць зніжацца рэальныя даходы беларусаў. У выніку летась прадалі на 63 % меней аўтаў у параўнанні з 2021-ым годам: 17 234 супраць 46 837. У лідарах – «Джылі» і «Лада».

«Рынак новых машын паменшыўся. Па-другое, тыя машыны якія засталіся, падаражэлі, таму што іх сталі ўвозіць з Еўропы, а не з Расеі», – кажа Настасся Лузгіна.

Прычым, на думку эксперткі, павелічэнне закупаў ужываных аўтаў за мяжою можа быць звязанае не толькі з патрэбамі выключна беларускага рынку.

«Хутчэй за ўсё частка з іх ідзе на расейскі рынак. З улікам таго, што ў Расеі аўтамабільны рынак знаходзіцца ў вялікім крызісе, яны хочуць не толькі купляць “Лады”, але і іншыя аўтамабілі».

Што чакае айчынны аўтарынак далей? Пры працягу сённяшняй палітыкі Лукашэнкі і ўзмацненні санкцыяў магчымыя самыя песімістычныя варыянты.

«Калі так будзе працягвацца, рынак у нас будзе, як у Венесуэле, дзе аўтапарк складаецца ў асноўным з ужываных аўтаў. Яны – самыя даступныя, але кошты на іх – высокія, таму што межы зачыненыя, санкцыі ўведзеныя і іншае. Так што жыгулі – айчынная “Лада”, якая ездзіць з 1990 года, – каштуе ад 10 тысяч долараў», – разважае Сяргей Прудштэйн.

Што ж да новых аўтаў, беларусы хіба што змогуць сабе дазволіць – кітайскай ды іранскай вытворчасці.

Ян Федаровіч, «Белсат»