«ByPol»: Відэа з украінскім «тэрарыстам» прызнанае фэйкам


Лукашэнкаўская прапаганда «пераабулася». Беларусам казалі, што з самалётам А-50 у Мачулішчах нічога не здарылася. А пасля ўчорашняй прамовы Лукашэнкі на дзяржаўным ТБ з’явіліся відэа, як спецслужбы затрымліваюць украінскага дыверсанта. «ByPol» называе гэтыя відэа фэйкам. Украіна рэагуе на абвінавачанні на свой адрас стрымана. Расея падтрымлівае рыторыку Лукашэнкі. Наколькі праўдападобная афіцыйная версія падзеяў? І як гісторыя пра ўкраінскага дыверсанта можа адбіцца на ўдзеле Беларусі ў вайне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяржаўныя медыі пераконвалі беларусаў, што з А-50 у Мачулішчах усё як мае быць. Вось ён ездзіць, вось лётае. Але як толькі Лукашэнка агучыў версію пра ўкраінскага дыверсанта, прапаганда імгненна ўсё перайграла. Цяпер у дзяржаўным тэлебачанні круцяць відэа затрымання меркаванага ўкраінскага тэрарыста. «Гэта пастаноўка», – сцвярджае кіраўнік «ByPol».

«Яны павінныя забягаць як мага хутчэй – гэта долі секундаў – і кідацца на яго, класці яго на падлогу. А не так, што ён сам лёг, убачыўшы іх. Гэта не прафесійна, і адразу відаць, што іх проста папрасілі зрабіць такі запіс», – кажа Аляксандр Азараў.

Паводле яго, сілавікі паводзяцца занадта спакойна. Хаця гаворка нібыта пра патэнцыйна небяспечнага тэрарыста. А падчас размовы з сілавікамі затрыманы часта адводзіць позірк ад камеры.

«Я думаю, што там трымаюць паперку, і ён чытае адказы, якія трэба яму называць. Гэта цяпер практыка ў Беларусі такая. Мы бачылі, як ГУБАЗіК запісвае пры дзвярах. І нават былі відэа, як людзі трэнуюцца расказваць без запінак», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Дом на відэа, паводле праваабаронцаў, месціцца ў садовым таварыстве каля Бараўлянаў, належыць друкару Алегу Сычову. Яго разам з жонкаю КДБ затрымаў тыдзень таму ў тым жа доме. То бок сілавікі могуць мець ключы. Расейскі пашпарт меркаванага дыверсанта паказалі толькі праз содні пасля відэа з ягоным затрыманнем. На кадрах – нібыта першая спроба Мікалая Швяца пранікнуць у Беларусь – з боку Польшчы. Як распавядаў Лукашэнка – праз Берасце. Толькі і тут ёсць супярэчнасці: дзяржаўнае тэлебачанне паведамляе, што гэта было не ў Берасці, а на памежным пераходзе «Брузгі» каля Горадні. Што да супрацы затрыманага з СБУ – пра яе пакуль вядома толькі з ягоных словаў на камеру.

Але Лукашэнку, падобна, гэтага дастаткова, каб звінаваціць Украіну ў тэрарызме і назваць Уладзіміра Зяленскага «гнідай». СБУ версіі Лукашэнкі не каментуе. МЗС Украіны датычнасць Кіева адмаўляе. У Вярхоўнай Радзе намякнулі, што Лукашэнка ўжо не самастойны палітычны субʼект.

«Сваімі дзікімі абразамі Лукашэнка паказаў свой найніжэйшы бандыцкі ўзровень. Калі кіраўнік дзяржавы, нават нелегітымны дыктатар, замест рацыянальных аргументаў апускаецца да ўзроўню вулічнай лаянкі, то гэта кажа пра ягоную поўную безнадзейнасць. Падобна, менскі дыктатар канчаткова трапіў у залежнасць ад крамлёўскага дыктатара», – пракаментаваў заявы Лукашэнкі Аляксандр Мярэжка, старшыня камітэту Вярхоўнай Рады ў справах замежнай палітыкі.

У Маскве Лукашэнку падтрымалі. Праўда, не ў Крамлі.

«Жорсткасць пазіцыі беларускага лідара – яўнае сведчанне таго, што палітыка Менску адносна кіеўскага рэжыму можа сурʼёзна змяніцца. І Зяленскаму, і ягоным заакіянскім гаспадарам гэтыя змены яўна могуць не спадабацца», – кажа Леанід Слуцкі, старшыня камітэту Дзярждумы Расеі ў міжнародных справах.

Акурат такім чынам Лукашэнка можа даводзіць Пуціну, што трымае сітуацыю ў Беларусі пад кантролем. Ды не дапусціць народнага супраціву. Самое ж абвінавачанне Украіны ў тэрарызме могуць скарыстаць як нагоду для паглыблення ўдзелу Беларусі ў вайне.

«Беларусь не будзе мець выбару. Што, калі будзе больш такіх правакацыяў – тэрарыстычных, як яны называюць, нанясём удар у адказ першымі. Беларусь будзе справакаваная выйсці з сітуацыі хісткага міру», – тлумачыць імаверную логіку Лукашэнкі медыяэкспертка Марыя СадоўскаяКамлач.

Паведамляюць, аднак, што разам з імаверным украінскім агентам затрымалі і беларусаў – да 20 асобаў. Паводле апошніх зменаў у заканадаўстве, датычных тэрарыстычнай дзейнасці, ім можа пагражаць смяротная кара.

Валянцін Васіленка, «Белсат»