Лукашэнка хоча кіраваць нават пасля сыходу?


Улады працягваюць працаваць на ідэалагічным і палітычным франтах. Яны абвясцілі шэраг захадаў, прымеркаваных да Года міру і стварэння. І адначасова ўзяліся ствараць новую праўладную палітычную партыю. Паралельна Лукашэнка падпісаў закон, што канчаткова замацоўвае за гэтак званым Усебеларускім народным сходам шырокія паўнамоцтвы. Што гэта ўсё азначае? Навошта ўладам спатрэбіліся новыя структуры?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэжым імкнецца ўмацавацца ідэалагічна і палітычна. Аўтапрабегі, фестывалі, круглыя сталы, ушанаванне ветэранаў і нават усебеларуская малітва – далёка не поўны спіс ідэалагічных захадаў, што ў Беларусі запланавалі на гэтак званы Год міру і стварэння. А яшчэ сёлета мае з’явіцца партыя ўлады – «Белая Русь». Паседжанне арганізацыйнага камітэту зладзіла аднайменнае грамадскае абʼяднанне.

«Новая партыя – гэта будзе самастойная сіла, скіраваная на развязанне тых вострых праблемаў, якія стаяць і перад нашым грамадствам, і агулам у свеце», – заявіў кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў.

«Белая Русь» існуе даўно, але стаць партыяй ёй дазволілі толькі цяпер. Лукашэнка задумаўся пра захаванне сваёй палітычнай спадчыны ў будучыні, калі ён так ці інакш адыдзе ад улады, мяркуе палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

«Хай будзе такая “спячая” структура ці – у любым выпадку – структура палітычнай мабілізацыі. Калі Лукашэнкі не будзе, бунтаўнікі выскачаць на вуліцы, а партыйныя людзі выйдуць і дадуць адпор ворагу», – кажа Юрый Дракахруст.

На думку Дракахруста, такім утварэнням нават не абавязкова мець выразную ідэалогію. У той самай «Белай Русі» яна даволі расплывістая. У тэлеграм-канале арганізацыі – збольшага фотасправаздачы з праўладных імпрэзаў, рэпосты з дзяржаўных медыяў, пажаданні добрага дня, парады наконт здароўя і нават цытаты з Ясеніна. Выглядае на тое, што галоўная ідэя новай партыі – безумоўнае падтрыманне ўлады.

«Ідэя стварэння такой партыі, народнай, партыі, што будзе падтрымоўваць беларускую дзяржаўнасць, партыі, што будзе падтрымоўваць палітыку нашага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ужо даўно вісела ў паветры», – кажа генеральны дырэктар «Сталічнага тэлебачання» Аляксандр Асенка.

Для параўнання: у Кітаі ці Паўночнай Карэі сістэма трымаецца акурат на партыйнай структуры, і змена яе лідара не выклікае палітычнага калапсу. Але ці захавае «Белая Русь» сваю жыццяздольнасць пасля сыходу Лукашэнкі?

«Тое, што дэкларуе “Белая Русь”, – гэта адданасць аднаму чалавеку. Сёння ён ёсць – у іх усё добра. Заўтра яго няма – з розных прычынаў і ў розных варыянтах – што яны будуць рабіць?», – адзначае старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Сурʼёзная палітычная барацьба паміж праўладнымі партыямі, падобна, не прадугледжваецца. Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, над імі мае стаяць Усебеларускі народны сход.

«Гэта вельмі добра. Калі хтосьці ў палітыку зайграецца з лідараў палітычных партый, Усебеларускі сход хутка прызямліць і паставіць на месца», – заяўляе Гайдукевіч.

УНС таксама атрымаў паўнамоцтвы вызначаць легітымнасць выбараў, звальняць прэзідэнта за парушэнні закону, абіраць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, адпраўляць беларускіх вайскоўцаў за мяжу. На думку палітолага Валера Карбалевіча, Лукашэнка адмыслова стварыў структуру, якую ён можа ачоліць, калі пакіне пасаду прэзідэнта.

«І такім чынам ён зможа кантраляваць прэзідэнта будучага, і парламент, і іншыя інстытуцыі. То бок так сысці з улады, каб насамрэч не сыходзіць», – кажа Валер Карбалевіч.

Але ў новага прэзідэнта можа ўзнікнуць жаданне канчаткова адсунуць былога кіраўніка і ўзяць у свае рукі рэальную ўладу. Таму пакінуць цяперашнюю пасаду для Лукашэнкі рызыкоўна, адзначае палітолаг. Імаверна, сітуацыя праясніцца ў 2025-ым годзе, калі фармальна закончацца паўнамоцтвы самаабвешчанага прэзідэнта і яму давядзецца прымаць пастанову наконт сваёй палітычнай будучыні.

Валянцін Васіленка, «Белсат»