«ByPol» апублікаваў чарговае гучнае расследаванне


Ну а цяпер – да чарговага гучнага расследавання ад «ByPol». Гэтым разам сілавікі, што засталіся верныя прысязе і беларускаму народу, распавялі пра сістэму татальнага сачэння, якую спецслужбы дыктатара выкарыстоўваюць супраць мірных грамадзянаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сённяшнія беларускія рэаліі ўсё часцей параўноўваюць з раманам-антыўтопіяй «1984» Джорджа Оруэла, які апісаў грамадства татальнай несвабоды. Вось і знакамітая фраза з раману «Вялікі Брат сочыць за табою» знайшла адлюстраванне ў чарговым расследаванні «ByPol», прысвечаным платформе разумнага відэаназірання «KIPOD», створанай расейска-беларускай групай кампаніяў «Synesis» на распараджэнне Лукашэнкі.

Пры гэтым мэты стварэння «KIPOD» заяўляліся сапраўды станоўчыя: ахова грамадскага парадку, аператыўнае выяўленне месцаў здзяйснення злачынства, пошук зніклых без вестак.

«Але ва ўмовах сучаснай таталітарнай Беларусі і антынароднага рэжыму гэтая праграма, гэтая сістэма выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі пратэставага электарату – тых людзей, якія хочуць аднавіць канстытуцыйны лад у Рэспубліцы Беларусь і якія не хочуць жыць пры гэтай уладзе таталітарызму, дыктатуры і прыгнёту чалавека», – тлумачыць прадстаўнік «BYPOL» Алег Талерчык.

«Вока дыктатара, якое ўсё бачыць», як называюць платформу татальнага сачэння аўтары расследавання, пачалі ствараць яшчэ ў 2012-м. Першае ж сур’ёзнае тэставанне «KIPOD» адбылося праз два гады ў часе чэмпіянату свету па хакеі ў Менску. Схему абкаталі, дапрацавалі, а там, як той казаў, можна пераходзіць і да палітычных рэпрэсіяў.

Пры гэтым, як і належыць ва ўмовах таталітарнага грамадства, сістэму татальнага сачэння ў маштабах краіны ўсталёўвалі загадам і прымусам, абавязаўшы ўстановы і арганізацыі ўсіх тыпаў уласнасці паставіць на сваіх аб’ектах відэакамеры і перадаць кантроль за звесткамі з іх у рукі «24х7 Панаптэс» – даччынай кампаніі «Synesis». Апошняя, у выніку, трапіла пад санкцыі Еўразвязу якраз за ўдзел у палітычных рэпрэсіях у нашай краіне.

«Расследаванне паказвае вельмі наглядна, што тая сістэма, якую стварыў “Synesis”, выкарыстоўвалася дзяржавай для татальнага кантролю за беларускімі грамадзянамі. Пры гэтым аніякага кантролю за тым, як выкарыстоўваецца сістэма і як выкарыстоўваюцца звесткі, атрыманыя на людзей, не існуе. І гэта таксама элемент сістэмы беззаконня, якая пануе ў Беларусі вось ужо 18 месяцаў», – канстатуе кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Цяпер аўтары перакладаюць сваё расследаванне на англійскую мову і, хоць не раскрываюць іншых захадаў, абяцаюць зрабіць усё, каб відэа пабачылі ў тым ліку ў Еўропе. Сваіх жа суайчыннікаў байполаўцы папярэджваюць, што спецслужбы Лукашэнкі сочаць за імі не толькі з дапамогаю сістэмы «KIPOD».

«Ва ўмовах, калі ўвесь горад, асабліва Менск, нашпігаваны камерамі, лепш хадзіць з нізка схіленай галавой, мець нейкі галаўны ўбор або капюшон. Ну і калі пры сабе… калі вы праяўляеце нейкую пратэставую актыўнасць, вядома ж, лепш не мець мабільнага тэлефона, смартфона. І вельмі насцярожана ставіцца да гэткага мэсэнджару, як “Viber”», – папярэджвае Алег Талерчык.

Цалкам расследаванне «ByPol» пад назваю «KIPOD» – Усюдыіснае вока дыктатара» можна пабачыць на ют’юб-канале арганізацыі.

Валера Руселік, «Белсат»