У Вільні адбылася прэс-канферэнцыя палітычных партыяў


Расце колькасць прыхільнікаў ды павялічваецца інтэграцыя ў еўрапейскія структуры. У Вільні прадстаўнікі палітычных партыяў Беларусі ўзялі ўдзел у канферэнцыі «Вынікі 2023-га і планы на 2024-ы» пры спрыянні цэнтру «Еўрапейскі дыялог». Хоць праца ў Беларусі сталася амаль немагчымай, дэмакратычная супольнасць у краіне выйшла на новы ўзровень, лічаць удзельнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзі пачынаюць думаць, не проста як зрэагаваць на нейкую падзею ці як сабраць дапамогу, ці яе кудысьці давезці, ці кудысь бегчы. Людзі пачынаюць думаць стратэгіямі, і гэта важны і пераломны момант. Калі ў чалавека з’яўляецца стратэгія, ён пачынае думаць, якім мае быць ягоны дом, ягоны горад, ягоная краіна», – кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Дзейнасць палітычных сілаў кіраўнік беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Дзяніс Садоўскі назваў па-сапраўднаму скаардынаванай. Восем партыяў, дзейнасць якіх прэзентавалі на канферэнцыі, або ніколі не мелі рэгістрацыі ў Беларусі, або не прайшлі перарэгістрацыі, якую летась правёў рэжым.

«Знаходзячыся за мяжой, мы маем больш уплыву на рэжым, чым знаходзячыся ў Беларусі. Бо нас тут чуюць, разумеюць і мы можам праз сваіх раўнапраўных партнёраў, праз тыя палітычныя партыі, якія нас прызналі раўнапраўнымі партнёрамі (мы роўныя сярод роўных)… І мы можам больш актыўна ўплываць на гэты рэжым», – кажа выканальнік абавязкаў старшыні АГП Уладзімір Шанцаў.

Адною з найбольш заўважных міжнародных леташніх падзеяў быў міжпартыйны форум «8+100», што прайшоў у снежні ў Бруселі. Сёлета плануецца другі форум такога кшталту. Прадстаўнікі беларускіх партыяў бралі ўдзел у паседжаннях Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

«Нас прынялі ў Партыю еўрапейскіх сацыялістаў, якая абʼядноўвае 35 сацыял-дэмакратычных партыяў у Еўрапейскім парламенце. Нам аказалі давер, далучылі як партыю-назіральніка ў гэтую арганізацыю. Шлях даволі хуткі – цягам года», – адзначае намеснік старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Каардынацыйная рада праводзіць слуханні на тэму вызвалення палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Яшчэ адно важнае дасягненне ў дзейнасці беларускіх партыяў за мяжою – магчымасць прызнаць парламенцкія выбары ў Беларусі нелегітымнымі яшчэ да іх правядзення, падкрэсліў Анатоль Лябедзька. А адным са спосабаў перадвыбарчай агітацыі ў Беларусі можа зрабіцца віртуальны герой – кандыдат у дэпутаты парламенту Ясь Гаспадар.

«Ясь Гаспадар можа заявіць, што я – адзіны сапраўдны кандыдат, бо ў мяне ёсць праграма рэальная, я не падстройваюся пад уладу, я яе крытыкую і я прапаную альтэрнатыву. Гэтай альтэрнатывы няма ні ў воднага з дзясяткаў тысяч кандыдатаў», – кажа Анатоль Лябедзька.

Зараз палітыкі ствараюць праграму для Яся, а айцішнікі – вобраз віртуальнага кандыдата і магчымасць, каб кожны ахвочы мог з ім кантактаваць у чаце. Сцвярджаюць прадстаўнікі палітычных партыяў, што маюць і планы дзеяння на прэзідэнцкія выбары, але імі не дзеляцца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»