Моцныя маразы і снег прыйшлі ў Беларусь і астатні свет


На Меншчыне школа засталася ў моцныя маразы без ацяплення пасля аварыі на мясцовай кацельні. Ужо некалькі дзён у будынку ўсяго восем градусаў, але чыноўнікі не дазволілі адмяніць заняткі, каб «не парушаць навучальнага працэсу». Тым часам ва ўмовах моцных маразоў энергетыкі павысілі тэмпературу ў цепласетках краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Суровая зіма прыйшла не толькі ў Беларусь. Зімовы шторм накрыў усходняе ўзбярэжжа ЗША. Паводле мясцовых медыяў, у некалькіх акругах Масачусэтсу выпала да трыццаці сантыметраў снегу.

У Японіі праз моцны снег павялічваецца рызыка далейшага разбурэння пад яго цяжарам дамоў, пашкоджаных пры нядаўнім землятрусе. Праз заснежаныя дарогі ратавальнікам стала цяжэй дастаўляць у прэфектуру Ісікаава грузы і аказваць дапамогу пацярпелым.

Сход лавіны ў італьянскіх Альпах недалёка ад мяжы са Швейцарыяй завяршыўся трагедыяй – загінулі двое турыстаў. Як паведаміў альпійскі ратаўнік Матэа Гаспарыні, гэтыя два турысты гулялі са сваім сабакам, калі на іх сышла лавіна.

У Даніі мароз і снег ускладнілі рух транспарту. Гэтак, пад Орхусам уначы было каля мінус дваццаці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Снегапад у Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

Мясцовыя жыхары ўспрымаюць па-рознаму такія метэаўмовы. Гэтак, цясляр Ву Нгуен гаворыць пра складанасці: «Машына ўдома. Я не адважваюся ехаць, калі на дарозе так слізка». А сябра праўлення лыжнага клубу « Rold Skov» Пітэр Быструп рады вялікаму снегу:

«Гэта проста ідэальныя ўмовы. Гэта найлепшае, што ў нас было за апошнія гады».

Цяжка ў марознае надвор’е не толькі людзям, але і жывёлінам. У Эстоніі на ферме «Віле» чылійскія альпакі не могуць напіцца – паілкі замярзаюць. Гаспадар, фермер Імрэ Хэйнсаар, штораз прыносіць ваду з дому. Ён кажа, што сам холад альпакаў не надта непакоіць, бо ў іх на радзіме ўначы можа быць нават мінус трыццаць градусаў і іхная поўсць добра сагравае.

Найбліжэйшымі днямі моцныя маразы ў Паўночнай і Заходняй Еўропе адступяць. Што да прагнозаў надвор’я ў Беларусі, то пацяпленне чакаецца ўжо ў ноч на чацвер, але без снегападаў не абыдзецца.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»