Інтарэсы Свабоднай Беларусі абараняюць на перамовах у Вашынгтоне


Як Беларусі вырвацца з эканамічнай залежнасці ад Расеі, што можна зрабіць, каб беларусы больш зараблялі сваёй працай і прадпрымальніцтвам, і як вызваліць палітвязняў. Гэта – тэмы Стратэгічнага Дыялогу, які адбываецца цяпер у Вашынгтоне на высокім дзяржаўным узроўні. Беларусь там прадстаўленая Аб‘яднаным пераходным кабінетам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Галоўнае пытанне – незалежнасць, каб Беларусь не дасталася Пуціну, як суцяшальны прыз. Пра гэта Святлана Ціханоўская казала кангрэсменам на слуханнях у Палаце прадстаўнікоў ЗША, пра гэта размаўлялі за круглым сталом Стратэгічнага Дыялогу ў Вашынгтоне.

«Будзе падтрымка беларусаў у ахове сваёй незалежнасці, каб ужо зараз уводзіліся санкцыі супраць Расеі не толькі за ўдзел у вайне ва Украіне, але таксама за спробы падпарадкаваць сабе Беларусь», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Ад Беларусі ў дыялогу ўдзельнічаў Аб’яднаны пераходны кабінет на чале з Ціханоўскай, прадстаўнік «Рабочага руху» Юрый Рававы, праваабаронцы, сваякі палітвязняў. Урад ЗША быў прадстаўлены на высокім узроўні: у доўгіх перамовах удзельнічала намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд і ўрадоўцы, адказныя за ўвядзенне санкцыяў і міжнароднае крымінальнае правасуддзе.

«Вікторыя Нуланд адкрыла Стратэгічны Дыялог. Гэта досыць высокі ўзровень – намесніца дзяржсакратара. Гэта паказвае, што і для ЗША Беларусь зʼяўляецца прыярытэтам. Не так высока, як Украіна ці Ізраіль, але дастаткова важным прыярытэтам. І гэта асабліва важна перад выбарамі, якія адбудуцца ў ЗША ў наступным годзе і могуць істотна памяняць палітычны ландшафт», – тлумачыць галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Нашая дэлегацыя спадзяецца, што ў выніку перамоваў зʼявіцца спецпрадстаўнік ЗША па супрацы са Свабоднай Беларуссю. Дзяржаўны дэпартамент прывітаў Святлану Ціханоўскую і ўдзельнікаў Стратэгічнага Дыялогу на афіцыйным узроўні і выказаўся ў пытанні санкцыяў.

«Нашае пасланне Лукашэнку і тым, хто праводзіць рэпрэсіі, яснае і дакладнае: мы не будзем казаць аб змене нашай палітыкі, змякчэнні санкцыяў і паляпшэнні нашых адносінаў, пакуль рэжым не вызваліць усіх палітвязняў, пакуль не спыніць рэпрэсіяў супраць беларускага народу і не перастане саўдзельнічаць у расейскай вайне супраць Украіны», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Мэт‘ю Мілер.

Не дарма і Святлана Ціханоўская, і амерыканскія кангрэсмены на слуханнях нагадвалі пра беларускіх палітвязняў, такіх, як Дзяніс Івашын, Кацярына Андрэева і Паліна ШарэндаПанасюк. Каб памятаў і свет, і рэжым Лукашэнкі.

«Лабісты афіцыйнага Менску гэтаксама ездзяць, сустракаюцца, лабіююць адмену санкцыяў і гэтак далей. Для нас найважнейшае, каб пытанне палітвязняў не было знятае з парадку дня. Бо перамовы вядуцца штодня. І, на жаль, не заўжды там ёсць пытанне парушэння правоў чалавека ў Беларусі, ці тых жудасных умоваў, у якіх трымаюць палітвязняў», – падкрэслівае прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова.

Амерыканскія ўрадоўцы ведаюць пра катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў беларускіх турмах і ізалятарах, і яны перазапусцілі праграму падтрымкі палітвязняў, кажа Таццяна Хоміч. Але тут яны змаглі атрымаць інфармацыю з першых рук.

«Мы казалі, што людзям не аказваюць медычную дапамогу і гэта прыводзіць да смерцяў у шэрагу выпадкаў. Мы казалі, што нават пасля 2-3 гадоў у калоніі ў многіх людзей крышацца зубы. І той дапамогі, якая ёсць для рэабілітацыі палітвязняў, цяпер яе, на жаль, недастаткова», – распавяла праваабаронца Таццяна Хоміч, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай.

Трэба сістэмная дапамога і былым палітвязням, бо цяпер гэтыя праграмы знаходзяцца ў розных краінах. А ЗША могуць зрабіць дзейнасць у вызваленні і рэабілітацыі больш маштабнай.

Святлана Ціханоўская ў Кангрэсе ЗША. 5 снежня 2023 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«ЗША працуюць з іншымі краінамі, дзе ёсць праблемы ў грамадзян ЗША. У іх ёсць вялікі досвед вызвалення, у тым ліку палітвязняў – грамадзян ЗША. Па сутнасці, гэта тое, што хочам рабіць мы. Мы, як беларусы, хочам вызваляць грамадзян Беларусі», – тлумачыць Вольга Гарбунова.

Таксама ў Вашынгтоне на форуме Міжнароднага дэмакратычнага саюзу ўзгадалі палітвязняў Рыгора Кастусёва і Мікалая Казлова. Разам з Ціханоўскай яны сталі лаўрэатамі прэміі імя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага і прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр – за асаблівы ўнёсак у прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека. Ціханоўская прысвяціла прэмію ўсім, у каго аднялі свабоду ў Беларусі.

«Лукашэнка не мае нічога, каб прапанаваць беларускаму народу. А мы будуем альтэрнатыву для людзей: краіну, дзе кожны чалавек важны. Дзе ўрад служыць народу, а не наадварот. І для Беларусі неабходныя ясныя перспектывы», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

А гэтыя словы прагучалі ў амбасадзе Канады, дзе каля двухсот амерыканскіх палітыкаў, чыноўнікаў і экспертаў узялі ўдзел у адмысловай дыскусіі ў справе дэмакратыі ў свеце.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»