Выбух на станцыі «Азярышча»: што адбылося?


Цягнікі ідуць без затрыманняў, а значных пашкоджанняў чыгункі ў выніку выбуху на станцыі Азярышча няма, паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Ці такое магчымае? Як раней паведамляў тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», выбух чулі за 8 кіламетраў ад эпіцэнтру.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Літаральна нядаўна рэжым Лукашэнкі выпусціў фільм пра затрыманне беларускіх партызанаў, нібыта завербаваных СБУ або ГУР Украіны. У гэтым фільме людзі распавядалі, што яны меліся акурат чыніць акцыі на чыгунцы, падрываць цягнікі з мірнымі грамадзянамі. Пасля выхаду гэтага фільму прайшоў прыкладна месяц, адбываецца такая акцыя на чыгунцы», – зазначае кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Дык няўжо выбух – правакацыя спецслужбаў? Гэтага не выключае і палітолаг Дзмітрый Балкунец:

«Такія падзеі могуць быць скіраваныя на тое, каб пераключыць парадак інфармацыйны, каб запужаць людзей».

Пра моцны выбух уначы 5 кастрычніка ў зоне Калодзішчаў пад Менскам паведаміў тэлеграм-канал «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Неўзабаве адзін з чытачоў распавёў выданню «Зеркало» пра тое, што ў працоўны чат гомельскага аўтапарку №1 даслалі фотаздымкі трох мужчынаў, якіх шукае міліцыя. Канал «МотолькоПомоги» са спасылкай на свае крыніцы пісаў:

«Абвешчаныя ў вышук па ўсёй краіне некалькі мужчынаў, якія могуць мець датычнасць да выбуху на станцыі «Азярышча».

«Тут яшчэ можа быць такі цікавы момант: калі гэта правакацыя КДБ, то МУС мог і не ведаць пра гэта, вызначыць падазраваных і разаслаць арыенціроўкі», – мяркуе Аляксандр Азараў.

З іншага боку, калі выбух – правакацыя спецслужбаў, чаму рэжым не пахваліўся хуткім раскрыццём справы? Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка наведваў вайсковыя аб’екты ў Берасцейскай вобласці. Казаў багата, але ні слова пра інцыдэнт у Азярышчы.

Не ўзнікла пытанняў наконт паведамлення пра выбух і ў праўладных журналістаў, якія пыталіся пра што заўгодна, толькі не пра гэта.

«Лукашэнка потым можа сказаць: вось нейкія людзі зрабілі нейкі тэракт. Каб запужаць беларусаў напярэдадні выбараў. І такое магчыма. Бо Лукашэнка ўжо рабіў тэракты, мы памятаем, калі ён зрабіў тэракт у менскім метро», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Аляксандр Азараў зазначае, што ніхто з прадстаўнікоў беларускіх ініцыятываў і арганізацыяў, у тым ліку плану «Перамога», якія застаюцца ў Беларусі, не заяўляў пра ўдзел у акцыі, што здарылася на станцыі Азярышча.

Алесь Яшчанка, Белсат