Новы фонд Лукашэнкі


Лукашэнка выправіўся ў паездку ў Берасцейскую вобласць, падчас якой расказаў пра свой новы фонд. Выглядае, ён мусіць прыйсці на замену некамерцыйным арганізацыям, зліквідаваным уладамі цягам апошніх гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вы ж ведаеце, што мы гэтыя ўсе фонды і фондзікі пра сабачак і катоў прыкрылі, бо яны займаліся палітыкай, краіну перакуліць хацелі на гэтыя грошы, – заявіў Лукашэнка. – Але я падумаў, зачыніць мы зачынілі, але на Захадзе не ўсе ідыёты. І ў нашай краіне шмат людзей і багатых, і бедных. Ну, бедны капейку, рубель дасць – а багаты можа і два рублі».

Раней стала вядома, што гэтак званы Фонд Першага зарэгістравала Міністэрства юстыцыі. Ён месціцца на адрасе Чырвонаармейская, пятнаццаць у Менску, акурат там, дзе стаіць новая рэзідэнцыя Лукашэнкі. Раней аб’яданне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» выпусціла расследаванне пра яе.

Зрэшты, пакуль Фонд Першага не мае ні грошай на рахунку, ні кіраўніка, ні апякунскае рады. Дый сам Лукашэнка досыць цьмяна тлумачыць, чым менавіта зоймецца новая арганізацыя:

«Вось нейкаму дзіцяці трэба дапамагчы, аперацыю нейкую, дапамагчы бабульцы нейкай, яшчэ нешта зрабіць – дах паправіць і іншае. Ну, арганізуем».

На думку блогера Аляксандра Кныровіча, ніякага дачынення да дапамогі сталым людзям або хворым дзеткам Фонд Першага мець не будзе.

«Я ўпэўнены, што гэты фонд будзе збіраць грошы менавіта з тых людзей, з якіх цяпер збіраюць грошы за іхныя ахвяраванні ў дабрачынныя фонды. І таксама з тых прадпрымальнікаў, якія цяпер у СІЗА. У гэты фонд будуць збіраць гэтыя грошы, каб далей іх размяркоўваць на тыя патрэбы, якія выбера сам Лукашэнка і ягонае атачэнне».

Палітычны блогер Мікалай Маслоўскі падае яшчэ адную версію стварэння Лукашэнкам новага фонду:

«Дыктатар спалохаўся, як пабачыў салідарнасць беларусаў і нашае падтрыманне марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно» для збору грошай на палітвязняў і іхныя семʼі. Таму загадаў прапагандзе прыдумаць адказ. Паказаць беларусам, што Лукашэнка – гэта не крывавы ліхадзей і карупцыянер, а дыктатар з бескарыслівым сэрцам, дабрачынца».

Фонд Першага папоўніў шэраг фондаў, раней створаных на ініцыятыву ды пад патранажам Лукашэнкі. Хіба што самы вядомы з іх – Рэзервовы фонд прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Грошы туды трапляюць з дзяржаўнага бюджэту краіны. Доступу ж да яго дакументацыі ці фінансавай справаздачнасці беларускае грамадства не мае.

Ян Федаровіч, Белсат