За павышэнне цэнаў можа пагражаць крыміналка


Імгненна ўзялі пад казырок! Цяпер ужо афіцыйна – цэны ў Беларусі павышаць забаронена. Адпаведная пастанова падпісаная так званым прэм‘ерам Галоўчанкам хіба што адразу пасля нарады ў Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Юрыдычныя асобы, а асабліва індывідуальныя прадпрымальнікі, будзьце асцярожнымі. У адпаведнасці з новым дакументам, калі вы ўвозіце ці прадаяце тавар у Беларусі – больш не зможаце павысіць цэны на ўсе тавары, то бок рэгуляваць цэны паводле рынкавых правілаў. На паслугі – таксама не зможаце. І так, гэта супрацьзаконна. Юрыст Сяргей Зікрацкі кажа:

«Пастанова Саўміну мусіць адпавядаць найвышэйшым нарматыўным актам, гэта закон аб цэнаўтварэнні, які ўсталёўвае выпадкі, калі могуць фіксавацца цэны на тавары. І там напісана, што прэзідэнт прызначае тавары, на якія рэгулююцца цэны, а Саўмін вызначае парадак гэтага цэнаўтварэння. І таму тое, што зрабіў Саўмін, – гэта абсалютна незаконны акт».

Хочаце правесці акцыю зніжак, распродаж, каб прастымуляваць пакупніка набыць ваш тавар? Праводзьце, але памятайце, што папярэднія цэны вы ўжо проста так не вернеце. Што тут, акрамя таннага папулізму Лукашэнкі? Паводле Лізаветы Дубінкі-Гушчы:

«Гэта лічыцца адной з апошніх мераў, гэта ў прынцыпе такая мера, якая сведчыць аб пераходзе на ручное кіраванне эканомікай. Чаго рынкавая эканоміка вельмі не любіць і рэагуе на гэта бумерангам гэта вельмі кароткатэрміновая мера, каб не даць караблю вельмі хутка патануць».

Пільна сачыць за вамі будзе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, яшчэ некалькім дзяржаўным канторам даручана ажыццяўляць кантроль за напаўненнем рынку таварамі і паслугамі. У выпадку парушэння пастановы ў вас могуць адабраць ліцэнзію або нават завесці крымінальную справу.

Камітэт дзяржаўнага кантролю ўжо адкрыў кароткі нумар, на які «неабыякавыя» грамадзяне могуць сігналізаваць пра заўважаныя імі павышэнні цэнаў. А так званая Генпракуратура ўжо даручыла затрымліваць людзей за тое падвышэнне. Сяргей Зікрацкі:

«Знойдуць артыкул і прыцягнуць. Я ўжо чытаю жартачкі, паводле якога артыкулу трэба прыцягваць за парушэнне гэтай пастановы. Ну відавочна, што трэба прыцягваць да адказнасці за абразу прэзідэнта. Як жа вы не слухаеце прэзідэнта?»

Калі ж вы – недзяржаўны (чытай: «нядобрасумленны») пасярэднік, вы ў першых шэрагах рызыкі. Ужо сёння КДК прыступіў да так званага навядзення парадку ў мясной галіне. Першыя вынікі і рыторыка – тыповыя для эпохі позняга лукашызму, маўляў, за грубыя парушэнні зачынены шэраг псеўдамясакамбінатаў, адцятыя ад рынку нядобрасумленныя пасярэднікі.

Акрамя пасярэднікаў, першы ўдар прыходзіцца і на рэтэйлераў. Да чаго гэта можа прывесці? Кажа эканамістка Кацярына Барнукова:

«Хутчэй за ўсё яны будуць больш за ўсіх цяпер перапалоханыя і спрабаваць выканаць гэты наказ і не павышаць цэны і менавіта на паліцах гэтых сеткавых супермаркетаў, крам мы будзем бачыць, што тавары знікаюць. Замест гэтага нам прыйдзецца ісці на рынкі або купляць у нейкіх маленькіх крамках, якія пад меншым кантролем».

А некаторыя тавары могуць і ўвогуле знікнуць. Тлумачыцца гэта базавымі законамі эканомікі. Кацярына працягвае:

«Рост коштаў цяпер шмат у чым аб’ектыўна абумоўлены ростам коштаў імпартных тавараў або ростам курсу або падаражэннем лагістыкі. Таму без росту тавары могуць проста перастаць прадаваць. І гэта зноў жа можа закрануць абсалютна ўсё пачынаючы ад каўбасы і заканчваючы бытавой тэхнікай».

Эксперты мяркуюць, што перш за ўсё рыторыка і градус учорашняй нарады – папулізм, спроба згуляць на настроях незадаволеных людзей. Дык ці спрацуе гэта на шырокія масы? Паводле палітолага Валера Карбалевіча:

«Лукашэнка 28 гадоў змагаецца з інфляцыяй, чым больш ён змагаецца, тым больш яна павялічваецца. Беларусь, мусіць, рэкардсмен на постсавецкай прасторы. Я ўвогуле не думаю, што гэты загад прывядзе да зніжэння цэнаў ці прыпынення іх росту. Людзі ўжо даўно прызвычаіліся да гэтай гульні і на яе не рэагуюць».

А якія адэкватныя альтэрнатывы могуць быць ручному рэгуляванню коштаў? Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч прапануе наступнае:

«Напрыклад можна часова знізіць падатак на дадзеную вартасць і акцызы. А паралельна ствараць дадатковыя эканамічныя стымулы для новых вытворчасцяў тавараў і паслуг. А таксама выкарыстанне энергазберагальных тэхналогіяў у розных сектарах эканомікі».

Акрамя пералічаных праблемаў, эксперты прагназуюць далейшы адток бізнесу і інвестыцыяў з краіны, яшчэ больш масавую міграцыю за мяжу актыўнай часткі насельніцтва, а замест развіцця краіны – рост карупцыі і чорнага рынку.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»