Генеральная пракуратура зацікавілася дронамі


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед прапанаваў: вызначыць канкрэтныя правілы карыстання дронамі ў залежнасці ад масы і прызначэння, арганізаваць сертыфікацыю і ўлік дронаў ды іх уладальнікаў, а таксама прадугледзець адказнасць за невыкананне гэтых патрабаванняў.

«Практычна ва ўсіх развітых краінах палёты дронаў жорстка рэгламентаваныя. Ну, можа быць, не столькі жорстка, колькі фармальна. Усё зафармалізаванае, і за парушэнне гэтых правілаў ідзе істотнае пакаранне», – тлумачыць авіяэксперт Вадзім Лукашэвіч.

Аказваецца, у верасні ў Беларусі быў здзейснены тэракт з выкарыстаннем беспілотнага лятальнага апарата. Генеральная пракуратура паведаміла пра гэта толькі цяпер і без падрабязнасцяў. Імаверна, гаворка ідзе пра атаку дронаў на базу АМАПу ў Менску, якую 2 тыдні таму ажыццявіла групоўка «Буслы ляцяць».

«Пасля гэтай акцыі ў МУС… Гэтая акцыя, дарэчы, выклікала вялікі шок, і было прынятае рашэнне, відаць, нешта з гэтым рабіць. І такім чынам Швед адрэагаваў і вырашыў заканадаўча ўпарадкаваць гэты мамант», – каментуе прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Цяпер без рэгістрацыі ў Беларусі могуць лётаць толькі авіямадэлі ў межах прамой бачнасці і да вышыні 100 метраў. Беспілотнікі, якія пілатуюцца па-за зонаю бачнасці, ужо абавязаныя прайсці рэгістрацыю, перад кожным палётам падаць заяўку, а для ажыццяўлення здымкаў – атрымаць дазвол Генеральнага штабу ўзброеных сілаў. Апошні раз правілы выкарыстання дронаў мяняліся ў 2017 годзе, якраз пасля таго, як здымачная група «Белсату» з паветра зняла на відэа комплекс пад Шаршунамі – таемную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.

«І неўзабаве пасля гэтага былі ўведзены першыя забароны. Была зроблена адмысловая мапа забароненых аб’ектаў, над якімі забаронена ў Беларусі лётаць беспілотнікам. Што цікава, Аляксандр Лукашэнка адмаўляў, што гэта ягоная рэзідэнцыя, але яна ў гэту базу патрапіла, і над ёй лётаць нельга», – узгадвае кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» Ігар Кулей.

Дзякуючы мапе забароненых зонаў беларусы даведаліся размяшчэнне іншых прэзідэнцкіх рэзідэнцыяў ды не толькі. Ігар Кулей кажа наступнае: «Дарогі, па якіх Аляксандр Лукашэнка рухаецца ад адной сваёй рэзідэнцыі да Палацу Незалежнасці. Або Коля Лукашэнка ездзіў раней у школу, і ўся гэтая дарога пад Астрашыцкі Гарадок была таксама забароненая для палётаў дронаў».

У астатнім пад забаронаю для палётаў дронаў у Беларусі – стандартныя для агульнасусветнай практыкі аб’екты: дзяржаўныя ўстановы, вайсковыя часткі, аэрапорты.

«Я выкарыстоўваю дрон для сваіх асабістых мэтаў і не на шкоду каму б там ні было, таму любыя абмежаванні мне перашкаджаюць, але мы павінны разумець, што дрон можа трапіць як у добрыя рукі, так і не ў добрыя рукі. Таму калі іх шмат і яны свабодна прадаюцца, то, натуральна, нейкія рамкі павінны быць», – адзначае авіяэксперт Вадзім Лукашэвіч.

Аднак у Беларусі не заўсёды да законаў. Падчас святкавання ў Менску стагоддзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі невядомыя скралі каля дзясятка дронаў. У міліцыі пацярпелым сказалі: ну вы ж самі ўсё разумееце. У мінулым годзе пры дапамозе дронаў сілавікі адсочвалі калоны пратэстоўцаў. А 15 лістапада мінулага года міліцэйскі дрон зазіраў у вокны шматпавярховіку ў пошуках нашых журналістак, якія вялі стрым з плошчы Пераменаў.

«Якая грамадская бяспека, яны толькі думаюць пра сябе, аб захаванні ўлады аднаго чалавека, які захапіў уладу, на прозвішча Лукашэнка. То бок усё гэта накіравана на захаванне яго ўлады. Грамадзянам дроны не пагражаюць і не прыносяць ім шкоды», – робіць выснову Аляксандр Азараў з ініцыятывы «BYPOL». На ягоную думку, існых на сёння нормаў дастаткова для забеспячэння грамадскага парадку, а прапанова Генеральнай пракуратуры – проста запалохванне людзей.

Ірына Карніенка Белсат