Новы сябар Лукашэнкі вядомы як канібал?


«Лукашэнка сустрэўся з дыктатарам-канібалам» – з такім загалоўкам выйшаў артыкул у адным з апазіцыйных беларускіх медыяў. «Лукашэнка перакананы, што Беларусь і Экватарыяльная Гвінея падпішуць новыя кантракты і пакладуць у скарбонку стасункаў мільёны долараў» – так пішуць дзяржаўныя прапагандысты. У сваім палацы Незалежнасці Лукашэнка прымае Тэадора Аб’янга, які нязменна кіруе Экватарыяльнай Гвінеяй больш за чатыры дзесяцігоддзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Аляксандра Лукашэнкі было шмат сяброў з розных кантынентаў: Слабаідан Мілошавіч з Сербіі, Муамар Кадафі з Лівіі, Уга Чавэс з Венесуэлы. І вось новы сябар – Тэадора Абʼянг, кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі ад 1979-га года.

«Імперскія неакаланіяльныя сілы працягваюць эксплуатаваць нашыя краіны, працягваюць забіраць у нас прыродныя рэсурсы і высмоктваць з нас сокі», – казаў у палацы Лукашэнкі кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абʼянг.

Лукашэнка пераконваў Абʼянга, што ў іх шмат агульнага, у тым ліку доўгае супрацьстаянне з краінамі Захаду:

«Беларусь у адрозненне ад заходніх “дэмакратызатараў” гатовая дапамагчы вам быць гаспадаром на сваёй зямлі».

Лукашэнка паабяцаў афрыканскаму калегу мадэрнізаваць сельскую гаспадарку і стварыць нацыянальную прамысловасць Экватарыяльнай Гвінеі. Але нельга сказаць, што гэта перспектыўны эканамічны партнёр Беларусі.

«Экспарт Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусь дасягнуў ажно $2 млн. Гэта смешна. У макраэканамічных паказніках гэта статыстычная пагрэшнасць. І аснова экспарту – садавіна-гародніна, нейкая экзотыка, нават не нафта. Хаця Экватарыяльная Гвінея славіцца менавіта нафтай», – нагадвае палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык.

Экватарыяльная Гвінея ляжыць на самім экватары, за 6 тыс. кіламетраў ад Беларусі. Краіна багатая нафтай і лесам, але людзі там жывуць бедна, не ўсе маюць доступ да пітной вады. Але не праз каланізатараў.

Тэадора Абʼянг.
Фота: Stringer . / Reuters / Forum

«Гэта ўсё ж дыктатура. Выбары там адбываюцца недэмакратычна, не адкрыта. І варта ўзгадаць, як Тэадора Абʼянг прыйшоў да ўлады. Ён забіў свайго дзядзю – Франсіска Масіаса Нгему Бійога, папярэдняга прэзідэнта. Не асабіста ён, гэта зрабіў узвод мараканскіх салдат. Чалавек таксама недэмакратычным шляхам прыйшоў да ўлады», – тлумачыць палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык.

У брытанскіх і афрыканскіх медыях можна знайсці артыкулы пра тое, што дыктатар Тэадора Абʼянг – канібал, які здзірае з апазіцыянераў скуру, есць іх тэстыкулы, мазгі і пячонкі. Але Андрэй Рудык мяркуе, што гэта хутчэй чуткі, бо ў этнасе, да якога належыць прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі, канібалізм не распаўсюджаны.

Іншая справа, што ў маленькай афрыканскай краіне ўвесь час праўлення Абʼянга апазіцыянераў выкрадаюць, катуюць і забіваюць. І нават за яе межамі.

«У 2019 годзе рэжым дыктатара Тэадора Абʼянга выкраў у Паўднёвым Судане чатырох апазіцыянераў, якіх незаконна пераправілі ў Экватарыяльную Гвінею на прэзідэнцкім самалёце. Двое з іх мелі падвойнае грамадзянства – Іспаніі ды Экватарыяльнай Гвінеі. Іх асудзілі на 60 і 90 гадоў турмы. І з таго часу пастаянна катавалі, ад чаго адзін з іх памёр», – распавёў падчас адмысловых дэбатаў у Еўрапарламенце еўрадэпутат ад Іспаніі Жордзі Канняс.

Затое ў вас на Захадзе нацыянальныя меншасці бʼюць – адказваюць чыноўнікі Тэадора Абʼянга.

«Сітуацыя з правамі чалавека ў Экватарыяльнай Гвінеі не моцна адрозніваецца ад сітуацыі ў краінах рэгіёну і за яго межамі. Але чаму яны такія бязлітасныя менавіта да Экватарыяльнай Гвінеі? Мы не найгоршыя ў свеце», – так пастаянны прадстаўнік Экватарыяльнай Гвінеі ў ААН Анатольё Ндонг Мба ў будынку Генеральнай асамблеі ААН адказаў на пытанні пра палітычныя рэпрэсіі.

Гэтаксама яны адрынаюць абвінавачанні ў карупцыі. Хаця Тэадора Абʼянг прызначыў віцэ-прэзідэнтам свайго сына, Тэадарына Аб’янга, які да гэтага быў міністрам лясной гаспадаркі. Супраць Аб’янга-малодшага ў Францыі быў суд за раскраданне бюджэту Экватарыяльнай Гвінеі, абвінавачанні ў карупцыі гучалі ў ЗША і ў Швейцарыі. Тэадарын Аб’янг вядомы раскошным жыццём плэйбоя ў Парыжы, дзе ён купіў шыкоўны маёнтак на дарагой вуліцы, калекцыю італьянскіх суперкараў кшталту Bugatti і Ferrari, ды трымаў выкупленыя на аўкцыёнах асабістыя рэчы спевака Майкла Джэксана. Цяпер у продажы і шыкоўная яхта, якая раней належала Тэадарыну Аб’янгу. Гаворка пра сотні мільёнаў долараў, якія рэгулярна выдаваў на раскошу віцэ-прэзідэнт, сын прэзідэнта.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»