Без права на прыватнасць: у выкладчыкаў плануюць правяраць дэвайсы


Для кагось тэлефон – універсальны сродак сувязі, для кагось – сапраўдная скарбонка ўспамінаў ды асабістых звестак. Аднак у краіне, дзе выраз «недатыкальнасць прыватнага жыцця» не мае ніякага значэння, можа атрымацца, што звесткі, якія вы хаваеце ад чужых вачэй, у любы момант могуць стаць, так бы мовіць, грамадскім здабыткам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле крыніцаў выдання «Наша ніва», цяпер узяліся за працаўнікоў беларускіх ВНУ, каледжаў і ліцэяў. У гэтых навучальных установах распаўсюдзілі загад наконт забароны падпісак на так званыя экстрэмісцкія рэсурсы. Сачыць за выкананнем даручылі штатным працаўнікам КДБ. Ім дазволілі выбарачна правяраць тэлефоны працаўнікоў.

«Гэта вельмі прыніжальна, гэта павінна крыўдзіць людзей. Я не ведаю, як пасля гэтага прыходзіць у аўдыторыю да студэнтаў і паказваць, што ты асоба, што цябе трэба паважаць», – кажа экспертка ў галіне медыяў, былая выкладчыца БДУ Ірына Сідорская.

Штатныя працаўнікі спецслужбаў у навучальных установах звычайна ўладкаваныя намеснікамі дырэктара ў справах бяспекі, рэжыму і кадраў. Пасада была ўведзеная пасля 2020-га. Наступствы адным з першых зазнаў Ліцэй БДУ: там прайшлі масавыя скарачэнні выкладчыкаў. Цяпер жа «чэкістам» далі яшчэ большую ўладу.

«Наданне паўнамоцтваў нейкім асобам правяраць чужыя тэлефоны – яно незаконнае. Праз тое, што тэлефоны змяшчаюць вельмі шмат персанальных дадзеных, прыватных звестак. І ў прынцыпе там не толькі перапіскі ў мэсэнджарах, нейкія перапіскі. І вось таму асоба можа заўсёды адмовіцца даваць доступ да сваіх дэвайсаў», – кажа эксперт праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».

Пад кантроль трапілі не толькі сацыяльныя сеткі выкладчыкаў. Раней інтэрнэт-партал пра школьную адукацыю «eschool.by» паведамляў, што класныя кіраўнікі і куратар штомесяц мусяць спраўджваць дэвайсы вучняў і рабіць адпаведныя справаздачы.

«Гэта прамое парушэнне акадэмічных свабод у Беларусі. І мы ў ЗБС і ў Беларускім Нацыянальным Савеце “Рада” спрабуем адвакатаваць такія выпадкі», – сакратарка вонкавых сувязяў ЗБС Лізавета Даўгулевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vesti-lipetsk.ru

Інфармацыі, што выбарачныя правяранні мабільных сродкаў не закрануць сярэднія навучальныя ўстановы, пакуль няма.

«Так не павінна быць, бо гэта абмяжоўвае ўсе галоўныя правы чалавека. Права на асабістую думку, на асабістае меркаванне, на свабоду інфармацыі, на свабоду сваіх каштоўнасцяў», – мяркуе экспертка ў галіне медыяў, былая выкладчыца БДУ Ірына Сідорская.

Тым, хто цяпер рызыкуе зазнаць правяранні дэвайсаў, неабходна ведаць галоўныя правілы лічбавае бяспекі. Наш эксперт раіць мінімізаваць інфармацыю, што можа вам нашкодзіць.

«Чысціць фатаграфіі, якія б маглі вас скампраметаваць. Абавязкова ўсталёўваць аўтавыдаленне паведамленняў у сваіх мэсэнджарах. І калі мы кажам пра падпіскі на нейкую незалежную інфармацыю, якая прызнаная экстрэмісцкай, рабіць гэта не праз падпіску, а праз прагляд гэтых матэрыялаў і максімальна чысціць гісторыю праглядаў», – заклікае эксперт праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».

Між тым правяранне на экстрэмісцкія падпіскі – не адзіная рэпрэсіўная захада ў дачыненні прадстаўнікоў сферы адукацыі. Так, нядаўна прайшлі масавыя затрыманні ў Полацкім універсітэце, пасля якіх звольнілі не менш чым дзевяцярых працаўнікоў. У адказ на рэпрэсіі акадэмічнай супольнасці «Кіберпартызаны» атакавалі серверы БДУ. Яны заблакавалі сайты ўніверсітэту, атрымалі доступ да базы працаўнікоў і студэнтаў, бухгалтэрыі, пошты і воблачных сервераў. Вярнуць інфармацыю прапанавалі наўзамен на вызваленне прынамсі пяцідзесяці палітвязняў.

Наста Печанькова, «Белсат»