Раду БНР прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»


КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі працуе ў выгнанні, на жаль, больш чым 100 гадоў. За гэты час Рада перажыла сталінізмы, камунізмы, іншыя “ізмы”. Дык лукашызм, напэўна, перажыве. І ніякія прызнанні экстрэмістамі ці яшчэ невядома кім, КДБ ці цяперашнімі ўладамі так званымі “беларускімі”, гэтаму не перашкодзяць», – заявіў намеснік дырэктара «Белсату», сябра Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі.

Рада БНР – гэта найвышэйшы кіраўнічы орган Беларускае Народнае Рэспублікі, які з 1919-га года выконвае функцыі дзяржаўнага заканадаўчага органу і ўраду ў выгнанні. Яна з’яўляецца адной з самых уплывовых палітычных арганізацый, якая прадстаўляе беларускую дыяспару. На сёння Рада БНР лічыцца самым старым у свеце ўрадам, якія дзейнічае па-за межамі сваёй краіны.

«БНР стала адным з такіх сімвалаў стварэння беларускага нацыянальнага наратыву, які базуецца на такіх кітах як залаты век ВКЛ, паўстанне Каліноўскага. Гэта такая версія гісторыі Беларусі, якая арыентавана на нацыянальныя каштоўнасці», – кажа гісторык і сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.

У сваім афіцыйным тэлеграм-канале Рада БНР заявіла, што КДБ – гэта незаконная і злачынная арганізацыя, а прынятае сілавым ведамствам рашэнне ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасць палітычнай арганізацыі:

«Аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гадоў і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, зʼяўляецца нелегітымным і не мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі».

З дакументаў вынікае, што адпаведнае рашэнне ў КДБ прынялі «будучаю датаю» – другім ліпеня. Але чаму не чапалі дасюль? Паводле гісторыка і сацыёлага Аляксея Ластоўскага, Рада БНР з цяжкасцю знаходзіла камунікацыю з людзьмі, якія прыйшлі ў палітыку на хвалі пратэстаў 2020-га года. Менавіта таму, мяркуе Ластоўскі, гэты палітычны орган і не цікавіў сілавых ведамстваў. Але апошнім часам чальцы органу прыклалі намаганні, каб вярнуцца ў актуальную палітычную павестку.

Першая цырымонія ўзнагароджання медалём ордэну «Пагоні». Вільня, Літва. 22 красавіка 2023 года.
Фота: Рада БНР / Telegram

«Такім сімвалічным крокам можна прызнаць увядзенне ўзнагарод, медалёў. Спробы наладжвання камунікацый з палком Каліноўскага, які дзейнічае ва Украіне. Я думаю, што вось прызнанне экстрэмісцкімі звязанае менавіта з гэтымі апошнімі сімвалічнымі крокамі Рады БНР», – мяркуе Ластоўскі.

У Беларусі ўсім стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаванняў пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў. Аднак сярод сяброў Рады БНР на сёння ў Беларусі нікога няма.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»