25 гадоў мінула са знікнення Юрыя Захаранкі


Лукашэнка 30 гадоў ва ўладзе, але ягоная дыктатура – маладзейшая. Спачатку быў папулізм, а за ім – аўтарытарызм. А першымі канкрэтнымі праявамі дыктатуры сталіся выкраданні на мяжы стагоддзяў палітычных апанентаў Лукашэнкі. 25 гадоў таму бясследна знік апазіцыйны палітык, экс-міністр унутраных справаў Юрый Захаранка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтае знікненне і тыя, што адбыліся за ім, – засталіся ў шуфлядах следчых, магчыма, у архівах КДБ і дакладна – у памяці кожнага, хто імкнецца да дэмакратычных пераменаў.

«Гвалтоўна вывезены нявысветленымі асобамі ў невядомым кірунку». Гэтак напісалі ў матэрыялах крымінальнай справы, заведзенай праз чатыры месяцы пасля знікнення Юрыя Захаранкі. Справа засталася нераскрытая. Хоць сведкі называлі прозвішчы датычных да выкрадання і да забойства экс-міністра ўнутраных справаў.

Міністрам Захаранку назначыў Лукашэнка – пасля першай і апошняй дэмакратычнай перамогі на выбарах.

Падначаленыя Захаранку падраздзелы МУС у красавіку 1995-га бралі ўдзел у збіцці дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія патрабавалі адмяніць рэферэндум. А ў жніўні яны ж разагналі страйк работнікаў метрапалітэну. Але праз два месяцы Лукашэнка звольніў Захаранку і панізіў у званні да падпалкоўніка. Бо не пра такую працу марыў генерал:

«Ён хацеў рэфармаваць міністэрства, зрабіць яго ўпершыню ў гісторыі ведамствам, якое працуе дзеля чалавека, дзеля падаткаплатніка, выбарніка, а не нейкай групоўкі, нейкага клану. Лукашэнка ўжо зразумеў, што з ім Захаранка не пойдзе ў тым стратэгічным накірунку, які ён выбраў. А гэта была аўтарытарная форма кіравання», – кажа Анатоль Лябедзька.

Юрый Захаранка і Аляксандр Лукашэнка. 1994 год.
Фота: vytoki.net

Анатоль Лябедзька – колішні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да якой пасля адстаўкі далучыўся Юрый Захаранка. Паралельна ён ствараў Саюз афіцэраў. Зарганізаваў кангрэс дзеля абароны дэмакратыі. Супрацьстаяў правядзенню чарговага антыканстытуцыйнага рэферэндуму. Потым стаўся старшынём у бяспецы пры Нацыянальным выканаўчым камітэце апазіцыі. Выкраданне Захаранкі было першым звяном у ланцугу гвалтоўных знікненняў. Выкралі таксама экс-старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Знік тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Апазіцыя не верыла ў натуральную смерць палітыка Генадзя Карпенкі, які ініцыяваў імпічмент Лукашэнку і планаваў балатавацца на прэзідэнта.

«Гэта было пасланне для некалькіх мэтавых групаў. Перадусім для чынавенства. Лукашэнка сказаў: калі хто не са мной, хто супраць мяне, то я буду вельмі жорсткі. Я буду ісці нават на тое, каб ствараць эскадроны смерці і ліквідаваць гэтых людзей», – канстатуе Анатоль Лябедзька.

Раней – у інтэрвʼю «Deutsche Welle», а летась – у швейцарскім судзе былы баец спецназу СОБР Юрый Гараўскі апавёў пра свой удзел у выкраданні палітыкаў. У іхным забойстве вінаваціў камандзіра падраздзелу – Дзмітрыя Паўлічэнку.

Гараўскі згадваў аўтамабіль, у якім вывозілі Захаранку – чырвоны «BMW 525». І месца – база спецназу Паўлічэнкі каля Бягомля.

Чырвоны «BMW» належаў Паўлічэнку, кажа Вадзім Кабанчук, былы сябра моладзева-спартовай арганізацыі «Край», якая праводзіла сваё расследаванне знікненняў Ганчара і Красоўскага – у тым жа лесе каля Бягомля.

«Быў стрэл з пісталету ўночы – адзін ці два. Але сцвярджаць, што там былі іхныя целы, мы не можам, таму што мы знайшлі толькі машыну. Гэта машына Jeep Cherokee, якая належала Красоўскаму», – распавёў былы актывіст.

Вадзім Кабанчук цвердзіць, што гэтак званы эскадрон смерці спачатку займаўся ліквідацыяй крымінальных аўтарытэтаў, потым – палітыкаў. Заробкі байцоў былі ад $ 500 да $ 1000 долараў. У 1999-ым годзе сярэдні заробак быў эквівалентны $ 83. Беларускія рабочыя зараблялі гэтыя ж $ 500 паўгода, $ 1000 – год. Гэта быў час, калі яшчэ не ўсе людзі ў пагонах былі падпарадкаваныя рэжыму. Таму падазраванага ў выкраданнях і забойствах арыштавалі, хоць і ненадоўга.

«Галоўнага абвінавачанага па гэтай справе зніклых – Паўлічэнку – незаконна выпусцілі з СІЗА па асабістым распараджэнні Лукашэнкі. Санкцыю на арышт падпісаў генеральны пракурор Бажэлка. А санкцыянаванае затрыманне яго было з падачы старшыні КДБ Мацкевіча. Гэта людзі, у якіх на руках былі жалезныя доказы на яго затрыманне», – нагадвае Вадзім Кабанчук.

Мінула чвэрць стагоддзя. Справы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў Беларусі шматкроць узнаўлялі і прыпынялі. Што да працэсу над суўдзельнікам злачынстваў Юрыем Гараўскім, то праз супярэчнасці ў паказаннях суд не паверыў у ягоную вінаватасць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»