Як у Беларусі выхоўваюць патрыётаў?


У Беларусі сорак два вайскова-патрыятычныя клубы і больш як паўтары тысячы дзяцей у іх – такія лічбы агучыў памочнік міністра абароны ў ідэалагічнай працы Леанід Касінскі. І заявіў, што патрыятызм у Беларусі сёння моцна запатрабаваны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння нашая моладзь – тая катэгорыя, якая найбольш паддаецца ўздзеянню з боку сілаў, што развалілі некалі вялікую краіну – Савецкі Саюз», –  распавёў Леанід Касінскі.

Тымі ж метадамі, што калісьці ў Савецкім Саюзе, дзеюць лукашэнкаўскія ідэолагі і сёння. У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» для дзяцей зладзілі гульню пад назваю «Суд над экстрэмізмам». Дзяцей адмыслова рыхтавалі, а завяршылася дзея вынясеннем абвінаваўчага вердыкту.

«Яны больш адчуваюць гэты стрэс, чым адчуваем мы, бо мы, загартаваныя выхадцы з саўдэпу, неяк прывыклі да таго, што ёсць, мы ўжо прайшлі нейкія выпрабаванні, а дзеці – яшчэ не. І яны больш абвостраным пачуццём успрымаюць тую сітуацыю, у якой выхоўваюцца», – кажа псіхолаг Ала Марціновіч.

Выхаванне не абмяжоўваецца толькі гульнямі, мэта якіх – сфармаваць у дзяцей «адмоўную пазіцыю ў адносінах да праяваў экстрэмізму». У адным з каледжаў Чачэрску паказальнае затрыманне сілавікі ўчынілі проста ў актавай зале: навучэнца ўзялі пад варту, абвінаваціўшы ў апаганьванні брацкай магілы і пашкоджанні агароджы клубу. Акцыяй пахваліліся ў раёнцы. Падобнае адбылося і ў Добрушы. Там за хуліганства затрымалі адзінаццацікласніка на агульным сходзе школы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Патрыятычным выхаваннем студэнтаў таксама займаецца БРСМ, спадчыннік савецкага камсамола. Большасць у яго члены аўтаматычна запісаная настаўнікамі. Крыніца: Белсат

«Правядзенне паказальнага арышту на месцы здзяйснення злачынстваў і навучання – адна з дзейсных захадаў прафілактыкі. Будзем спадзявацца, што ўбачанае зрабіла на школьнікаў уражанне, і яны ніколі не захочуць парушаць закону», – патлумачыў у выданні пракурор Павел Чырыкаў.

Яшчэ адная выхаваўчая захада, што актыўна выкарыстоўваецца сёння ў навучальных установах – мілітарызаваныя заняткі, у тым ліку для вучняў малодшых класаў. Гэткія акцыі могуць прывесці не толькі да парушэнняў сацыялізацыі падлеткаў, а нават і да псіхасаматычных хваробаў, лічыць псіхолаг Ала Марціновіч. І абараніць дзяцей – задача дарослых.

«Калі мы не можам сёння задаць палітычнае пытанне і сказаць: я супраць гэтай улады – таму што я буду сядзець у турме і маё дзіця будзе адно. Але магу абараніць правы дзіцяці, адкрыць кніжку па педагогіцы і псіхалогіі, Канстытуцыю адкрыць, сказаць: паглядзіце, гэта парушэнне, парушэнне правоў дзіцяці».

Зрэшты, дарослых рэжым спрабуе выхоўваць гэткім жа чынам. Так, у мэтах прафілактыкі працаўнікоў «Гомсельмашу» вадзілі ў жаночую папраўчую калонію нумар чатыры, дзе адбылася сустрэча з тымі, каго пакаралі за хабарніцтва. Пры гэтым, паводле праваабаронцаў, у Гомельскай калоніі трымаюць прынамсі сто дзевятнаццаць палітзняволеных жанчын.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»