На беларускі рэжым абрынуўся салют новых санкцыяў


Стратэгічны дыялог і вяртанне Беларусі ў еўраатлантычную прастору ды пад салют новых санкцыяў. У Вашынгтоне пачаўся працоўны працэс міждзяржаўнага ўзроўню. Партнёрамі амерыканскіх урадоўцаў з‘яўляюцца прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў. Еўропа таксама не спіць. Беларускія палітыкі ў Еўрапарламенце пра стратэгію для Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Вашынгтоне сёння і да канца тыдня на міждзяржаўным узроўні працуе вялікая беларуская дэлегацыя, якая цяпер выконвае функцыю ўраду і ўстановаў у выгнанні – ад кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету да «Кіберпартызанаў». Парадак дня ў перамовах з амерыканскімі калегамі наступны: пагроза паглынання Беларусі Расеяй, лёс палітвязняў, адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, праблема міграцыі і іншыя тэмы.

«Я б назвала гэта новым этапам ва ўзаемаадносінах між дэмакратычнай Беларуссю і ЗША. Мы гэтыя 3 гады працавалі разам. Але Стратэгічны Дыялог – гэта фармалізацыя адносінаў. Я спадзяюся, што на працягу гэтых дзён, калі тут працуе каманда беларусаў з розных кірункаў, мы распрацуем стратэгію па Беларусі разам з нашымі партнёрамі, будуць распрацаваныя “дарожныя мапы” па Беларусі ў розных кірунках», – заявіла перад пачаткам працы Святлана Ціханоўская.

Перад гэтым Міністэрства фінансаў ЗША заблакавала маёмасць і долі ва ўласнасці 8-мі асобаў і 11-ці арганізацыяў, звязаных з Лукашэнкам.

Фігурантаў «чорнага спісу» можна падзяліць на наступныя групы:

«Гаманцы Лукашэнкі». Сярод адмывальнікаў грошай: уладальнік «Амкадору» алігарх Аляксандр Шакуцін і сам «Амкадор», таксама «Белляспаперпрам», «Беларуская цэментная кампанія», «Белмытсервіс» разам з кіраўніком, алігарх Павел Тапузідыс і ягоны «Тытунь-Інвест» разам з дырэктарам.

Вайскова-прамысловы сектар. Тут усе фізічныя асобы і прадпрыемствы звязаныя з холдынгам «БелОМА», даўнім вытворцам узбраенняў.

Саўдзел у вайне супраць Украіны. Прадпрыемствы «АЛЕВКУРП», «Планар» і «Гарызонт».

І асобна кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. За вываз украінскіх дзяцей.

«Злучаныя Штаты адносяцца да тых нашых партнёраў, якія вераць у гэты механізм, у рычаг ціску на рэжым Лукашэнкі. І, канешне, яны вельмі стараліся, каб гэты пакет санкцыяў быў анансаваны менавіта тады, калі Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Вашынгтоне», – патлумачыў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг ЗША.
Фота: pixabay.com

Сёння ж новыя санкцыі анансавала Вялікая Брытанія. 46 фігурантаў, якія падтрымліваюць ваенную махіну Пуціна, сярод іх – прадпрыемствы ў Беларусі, Кітаі, Сербіі, Турцыі, Арабскіх Эміратах і Узбекістане. З беларусаў у «чорным спісе» – канструктарскае бюро «Дысплей».

Дзеянні еўрапейскіх урадаў часта сінхранізуюцца з амерыканскім, мяркуюць эксперты.

«Падобны Стратэгічны дыялог яшчэ раней быў распачаты з Еўразвязам, і да канца гэтага году пройдуць сесіі ў Бруселі. Вельмі важна, што дэмакратычныя сілы маюць выхады на розныя міжнародныя пляцоўкі. Бо Злучаныя Штаты Амерыкі – адзін з галоўных гульцоў у свеце і адзін з галоўных партнёраў Еўразвязу», – патлумачыў «Белсату» старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Юрый Губарэвіч – адзін з удзельнікаў Міжпартыйнага форуму, што прайшоў сёння ў Еўрапарламенце. Падзея сабрала практычна ўсе нелукашэнкаўскія партыі, дэпутатаў краінаў Еўразвязу і праеўрапейскіх дзяржаваў.

«Патрэбная кансалідаваная пазіцыя, і лідараў краінаў Еўразвязу, і не толькі Еўразвязу. Мы ў Малдове таксама падрыхтавалі дэкларацыю, зладзілі акцыю пратэсту. Гэтых акцыяў мусіць быць больш, і трэба ўзмацняць ціск, бо Лукашэнка знаходзіцца ў складанай сітуацыі, і палітычнай, і эканамічнай», – падкрэсліў дэпутат парламенту Малдовы Віталій Гаўрук.

Святлана Ціханоўская скіравала зварот з Вашынгтону ў Брусель.

«Я таксама прашу вас сёння абмеркаваць, як прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці. За злачынствы супраць чалавецтва, за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, за злачынную агрэсію. На адрозненне ад урадаў, дэпутаты парламенту могуць называць рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка – злачынца, а не прэзідэнт. Беларусы – гэта не рэжым. А Беларусь – не Расея», – звярнулася да ўдзельнікаў Форуму абраная прэзідэнтка Беларусі.

Падобныя словы гучалі ўчора ў Палаце прадстаўнікоў ЗША і ад абранай прэзідэнткі Беларусі, і ад кангрэсменаў.

«Аляксандр Лукашэнка – нелегітымны дыктатар. Махлярскія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2020 года ператварыліся ў здзек з дэмакратыі. Рэжым Лукашэнкі збіў і пасадзіў у турму як мірных пратэстоўцаў, так і журналістаў, у тым ліку Ігара Лосіка і Андрэя Кузнечыка з радыё “Свабода”. Лукашэнка трымае ў турме паўтары тысячы палітвязняў, ён падрывае незалежнасць Беларусі, прасоўваючы так званую Саюзную дзяржаву з Расеяй», – заявіў на слуханнях у Кангрэсе старшыня Падкамітэту Еўропы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША Томас Кін.

Сярод кангрэсменаў, якія напярэдадні прымалі Святлану Ціханоўскую і беларускую дэлегацыю, былі і тыя, каго шмат гадоў таму Аляксандр Лукашэнка загадаў не пускаць у Беларусь.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»