Тэлеканал «Дождь» пазбавілі ліцэнзіі ў Латвіі. Што далей?


Тэлеканад «Дождь» працаваў з Рыгі менш за пяць месяцаў. З восьмага снежня Нацыянальная рада электронных СМІ пазбаўляе тэлеканал ліцэнзіі на трансляцыю ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку Латвіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«”Дождь” не можа транслявацца на тэрыторыі Латвіі, таксама яны губляюць ліцэнзію на тэрыторыі Еўразвязу. Мы папросім YouTube, як прасілі ў іншых выпадках, геаблакаваць іх кантэнт у Латвіі», – кажа кіраўнік Нацыянальнай рады электронных СМІ Латвіі Іварс Абалыньш.

«Дождь» працуе ў Латвіі пасля таго, як тэлеканал мусіў спыніць вяшчанне, а журналісты мусілі з’ехаць з Расеі з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Дазвол на вяшчанне «Дождю» далі нягледзячы на тое, што ў Латвіі спынілі ліцэнзіі на трансляцыю расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў.

«Вядома, сыходзячы з сітуацыі ўвесну, калі расейскі рэжым закрыў абсалютна ўсе каналы, даць магчымасць працаваць незалежнаму вяшчальніку з тэрыторыі Еўразвязу, з краіны NATO было правільным рашэннем. Былі і пэўныя ўмовы, у тым ліку выкананне латвійскіх законаў», – падкрэслівае кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч.

За час працы ў Латвіі тэлеканал атрымаў некалькі папярэджанняў, тлумачыць Іварс Абалыньш. Між іншага за адсутнасць трэку на латвійскай мове, што прапісана ў ліцэнзіі.

«Яны паказвалі карту Крыму як тэрыторыю Расеі. Яны сістэматычна называюць расейскае войска “нашым войскам”. І гэты апошні выпадак, калі вядоўца выказвае падтрыманне расейскаму войску і стварае ўражанне, што сродкі або абсталяванне збіраюцца для падтрымання акупацыйнай арміі», – пералічвае парушэнні Іварс Абалыньш.

Кіраўніцтва тэлеканалу заявіла, што насамрэч словы вядоўцы, якія ўзгадвае Іварс Абалыньш, недакладна зразумелі. А на наступны дзень пасля скандальнага эфіру Аляксея Карасцялёва іншая вядоўца «Дождя» Кацярына Катрыкадзэ паведаміла пра звальненне Аляксея.

«Гэта вельмі складанае рашэнне для нас, але кіраўніцтва “Дождя” лічыць яго адзіным правільным і магчымым. Мы просім прабачэння ўва ўсіх гледачоў за выказванне, што прагучала ў эфіры напярэдадні», – прамовіла ў эфіры Кацярына Катрыкадзэ.

З абвінавачваннямі і рашэннем пра адкліканне ліцэнзіі тэлеканал «Дождь» не згодны.

«Мы лічым, што гэтая сітуацыя супярэчыць прынцыпам дэмакратыі як мінімум, так мы гэта бачым. Мы бачым, што нам адмаўляюць у ліцэнзіі без разбору, без разгляду гэтага эпізоду, без таго каб тэлеканал “Дождь” узяў удзел у дыскусіі на тэму пагрозы нацыянальнай бяспецы», – кажа Кацярына Катрыкадзэ.

Медыякансультант і кіраўнік ініцыятывы «BY_HELP» Аляксей Лявончык называе рашэнне Нацыянальнай рады электронных СМІ Латвіі папулісцкім. На ягоную думку, трэба ўлічваць, што «Дождь» – тэлеканал расейскі і на ім магчымыя тыповыя расейскія ляпы.

«Карасцялёва можна выставіць, з мапай можна нешта зрабіць, можна ўпіліць штраф конскі, ёсць на гэта інструменты. Але забіваць вяшчанне на тэрыторыі Латвіі альтэрнатыўнага каналу для мясцовых расейцаў? Дык яны проста пойдуць у расейскую прапагандонскую яму і будуць слухаць Салаўёва і падобных “красаўцаў”», – лічыць медыякансультант, кіраўнік ініцыятывы «BY_HELP» Аляксей Лявончык.

Калі б рашэнне наконт тэлеканалу «Дождь» прымала не Нацыянальная рада электронных СМІ, а ўрад Латвіі – яно магло б быць іншым, падкрэслівае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Зрэшты, рашэнне гэтае неканчатковае і можа быць яшчэ перагледжанае. Калі ж аспрэчыць яго не ўдасца, Паўлюк Быкоўскі раіць паспрабаваць атрымаць ліцэнзію ў іншай краіне Еўразвязу:

«Можа, не ў такой, якая так асцярожна ставіцца да вяшчання на расейскамоўную аўдыторыю, як гэта адбываецца ў Латвіі, дзе няпростыя адносіны з расейскамоўнай часткай насельніцтва Латвіі».

Адным з варыянтаў могуць стаць Нідэрланды, дзе ў «Дождя» таксама ёсць студыя, ці Нямеччына. Але для пачатку медыяэксперты раяць падрыхтавацца да наступнага паседжання Рады электронных СМІ, прынамсі забяспечыўшы сабе перакладчыка на дзяржаўную мову краіны, якая дала месца для працы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»