Мінфін: Падатковы камітэт Беларусі і Расеі створаць бліжэйшым часам


Падаткі будуць лічыць разам? Міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў рапартуе: падатковы камітэт Беларусі і Расеі створаць неўзабаве. Пра гэта чыноўнік заявіў на канале «Беларусь-1».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сам склад камітэту і яго палажэнні не зацверджаныя. Яны патрабуюць зацверджання рашэннем саюзнага Савету Міністраў. Але, я думаю, яно бліжэйшым часам і будзе прынята».

Стварэнне з Расеяй наднацыянальнага падатковага органу прадугледжваюць 28 дарожных мапаў для паглыблення інтэграцыі.

«Ён больш будзе займацца, наколькі я разумею, менавіта кантролем, маніторынгам тых правілаў, інтэграцыйных праграмаў, якія цяпер прымаюцца, ці ўжо былі прынятыя ў галіне падатковага заканадаўства», – мяркуе экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Дамову аб агульных прынцыпах падаткаабкладання Беларусь і Расея падпісалі летась у кастрычніку. У ёй замацаваныя памеры мінімальных падатковых ставак, у тым ліку акцызаў, вызначаны пералік вызвалення ды ільготаў для ўскосных падаткаў. У агульную сістэму заносяцца звесткі аб падаткаплатніках абедзвюх краінаў.

«Як асноўная мэта, дзяржава не робіць, напрыклад, спрашчэнне жыцця беларусаў, а проста каб можна было адсочваць людзей, якія пазбягаюць падаткаў. Калі нехта працуе ў Расеі, а жыве ў Беларусі, каб можна было спагнаць. І наадварот», – кажа доктар навук, эканаміст, юрыст, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белновости

Асноўная тут выгада для Лукашэнкі – сродкі за падатковы манеўр. То бок беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам з бюджэту Расеі будуць вылучацца зваротныя акцызы. За год гэта прыкладна 1,5 мільярда долараў.

«З аднаго боку, як такая інтэграцыя, гарманізацыя ў падатковай сферы, калі чыста тэарэтычна гэтае пытанне мы разглядаем, яна мае свае станоўчыя моманты. Але тут трэба ўлічваць беларуска-расейскі кантэкст і як ідзе ўзмацненне залежнасці беларускай эканомікі ад эканомікі Расеі», – зазначае Настасся Лузгіна.

Пры будаванні агульных прынцыпаў падаткаабкладання з Масквою афіцыйны Менск, відавочна, задаволены не ўсім. Назваю ж «наднацыянальны» Масква паказвае, хто ў доме гаспадар, кажа Яраслаў Кот.

«Фармулёўка “наднацыянальны” – зусім некарэктная. Бо гэта значыць, што ягоныя рашэнні вышэйшыя, чым нацыянальныя. Менавіта так усё і працуе: наднацыянальнае заканадаўства і гэтак далей. “Міжнацыянальнае”, “сумеснае” нейкае, ці “саюзнай дзяржавы” проста назвы павінна было б хапіць».

Падатковая фінансавая сістэма – гэта такі ж важны атрыбут незалежнасці, як войска і уласная міжнародная палітыка, упэўнены публіцыст, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Сяргей Навумчык.

«Невыпадкова ў жніўні 91 года, адразу пасля здабыцця незалежнасці, дэпутаты БНФ узнялі пытанне пра стварэнне і ўласнага войска, і ўласных беларускіх грошай. То бок уласнай фінансавай, падаткавай, банкаўскай сістэмы».

Паводле дзяржсакратара гэтак званай Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, цяпер рэалізацыя інтэграцыйнага пакету з 28 праграмаў – на завяршальнай стадыі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»