За што асудзілі белапанаўцаў?


Суд вынес вырак у справе «БелаПАН». Чацвёра фігурантаў атрымалі ад чатырох да 14 гадоў калоніі. Сярод абвінавачанняў – няплата падаткаў, экстрэмізм і нават здрада дзяржаве. Праваабаронцы лічаць справу палітычна матываванай, яе фігуранты прызнаная палітвязнямі. Чым белапанаўцы не дагадзілі рэжыму? І што азначае разгром «Белапан» для беларускай медыйнай прасторы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чацвёра абвінавачаных атрымалі ад 4 да 14 гадоў зняволення. Менскі абласны суд адправіў за краты Ірыну Леўшыну, Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Злобіну і Андрэя Аляксандрава. Спектр абвінавачанняў шырокі – ад няплаты падаткаў да здрады дзяржаве. Суд быў закрытым, што дае падставу лічыць абвінавачанне палітычна матываваным, па мяркаванні праваабаронцы цэнтру «Вясна».

«Дзяржава не можа давесці рэальную віну людзей у здзяйсненні рэальнага злачынства і за зачыненымі дзвярыма, па сутнасці, распраўляецца з імі за іхную палітычную, грамадскую, журналісцкую пазіцыю», – мяркуе Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пра палітычны характар справы казала і абвінавачаная дырэктарка «БелаПАН» Ірына Леўшына. Тэкст апошняга слова, якое яна мела сказаць на судзе, апублікаваў Тэлеграм-канал «Позірк».

«Падводзячы вынік, хачу сказаць: усё, што тут адбываецца, – гэта расправа з “БелаПАН” за сумленную журналістыку, якая ў момант гістарычных перамен у нашай краіне раптам прыйшлася некаму не даспадобы», – напісала Ірына Леўшына.

«БелаПАН», ці «Беларускае прыватнае агенцтва навінаў», было створанае ў 1991-м годзе. Яго заснавальнік – журналіст і паэт Алесь Ліпай. Агенцтва мела добрую рэпутацыю ў медыйным свеце. На яго аналітыку і навіны падпісваліся ў Беларусі і за мяжой. Аднак афіцыйным уладам падыход «Белапан» да працы не падабаўся.

«І “БелаПАН”, і Tut.by, і іншыя незалежныя медыя працавалі па еўрапейскіх стандартах. Па дэмакратычных стандартах. Паколькі манаполія на інфармацыю ёсць сродкам выжывання ўлады, то яна паспрабавала знішчыць незалежныя медыя ў краіне», – кажа Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У 2018-ым на дырэктара Алеся Ліпая заводзілі справу за нясплату падаткаў. Неўзабаве ён памёр ад хваробы. У 21-ым сілавікі прызналі «БелаПАН» экстрэмісцкім фармаваннем і фактычна ліквідавалі. Затрымалі Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава. Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна на той момант ужо паўгода былі за кратамі. Паводле следства, белапанаўцы арганізоўвалі масавыя пратэсты і атрымлівалі грошы на гэтыя мэты.

«Падчас аналізу фінансавай дзейнасці агенцтва выяўлена, што не менш як 18 замежных арганізацыяў, пачынаючы яшчэ з 2014 года, ажыццяўлялі яго прыхаванае фінансаванне на суму, не меншую за $ 1,6 млн», – паведамляў Следчы камітэт сёлета ў красавіку.

З агучаных следствам сумаў налічылі нясплачаныя падаткі. Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай прыпісалі яшчэ і здраду дзяржаве. У чым яна палягала – невядома. Але раней сілавікі заяўлялі, што Аляксандраў і Злобіна дапамаглі розным людзям аплаціць 250 штрафаў за ўдзел у акцыях 20-га года. Чаму менавіта журналістаў рэжым выставіў арганізатарамі пратэстаў? На думку Андрэя Бастунца, права на свабоду выказвання – гэта зарука выканання ўсіх іншых правоў чалавека.

«Калі ў краіне іншыя правы не выконваюцца, то цяжка спадзявацца, што журналісты, якія з’яўляюцца голасам грамадзянскай супольнасці, не трапяць пад пераслед, калі яны выконваюць свае журналісцкія функцыі», – адзначыў Андрэй Бастунец у інтэрвʼю «Белсату».

У сваёй афіцыйнай заяве Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала прысуд белапанаўцам помстай за сумленную працу і пазіцыю.

Валянцін Васіленка, «Белсат»