Даверанасцяў з-за мяжы ўжо не прымаюць у Беларусі?


Ужо заўтра, 7-га верасня, набывае моц указ Лукашэнкі нумар 278, які змяняе парадак выдачы дакументаў беларусам за мяжою. Прынамсі атрыманне пашпарту ў консульстве і амбасадзе будзе недаступнаю паслугай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Грамадзянамі Беларусі, грамадствам, народам лічацца толькі прыхільнікі Лукашэнкі. Усе ягоныя праціўнікі – гэта не народ, не грамадзяне. На іх не распаўсюджваецца дзеянне канстытуцыі», – адзначыў палітолаг Валер Карбалевіч.

Але ў Міністэрстве замежных справаў супакоілі тых, хто паспеў звярнуцца ў апошні момант:

«Звароты, пададзеныя грамадзянамі да ўступлення ў моц указу, разглядаюцца ў парадку, які дзеяў да яго ўступлення ў моц».

Хаця і да ўказу Лукашэнкі нашыя суайчыннікі сутыкаліся з праблемамі за мяжою, калі хацелі атрымаць пашпарт без візіту ў Беларусь.

«Я звярнулася ў нашую дыпламатычную пляцоўку з пытаннем, ці магу я замяніць пашпарт. Мне адказалі тое самае: што я магу атрымаць пячатку на працяг тэрміну дзеяння на 2 гады ці падаць заяву на сталае жыццё ў замежжы. Гэта пашпарт серыі ПП», – распавяла журналістка і блогерка з Егіпту Раяна Вольга Чарных.

Цяпер жа праблемаў станецца яшчэ болей, бо праз указ губляецца магчымасць дыстанцыйна распараджацца ўласнаю маёмасцю ў Беларусі. Дасюль існавала некалькі спосабаў: напрыклад, аформіць даверанасць, скарыстаўшыся паслугамі консула.

«Ёсць другі варыянт – гэта легалізацыя замежнага дакументу. Знаходзячыся ў Польшчы, ідзем да польскага натарыуса, легалізуем даверанасць, атрымліваем апастыль і далей высылаем у Беларусь, дзе гэты дакумент таксама праходзіць некаторую легалізацыю», – патлумачыла юрыстка Алеся Пажытак.

Але яшчэ да ўступлення ўказу ў законную моц некаторыя дзяржаўныя ўстановы пачалі адмаўляцца ад прыёму дакументаў з-за мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і ВНЖ Літвы.
Фота: Zerkalo.io

«Ну, поўнай інфармацыі пакуль што няма. Але, прынамсі, мы ўжо заявы не прымаем па даверанасцях, якія аформленыя не ў Рэспубліцы Беларусь», – адказалі нам у Менскім гарадскім агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру.

Такая ж сітуацыя чакае і ўладальнікаў аўтамабіляў: прадаць дыстанцыйна паводле даверанасці іх будзе немагчыма. І як высветліла выданне «Зеркало», ДАІ таксама загадзя ўзялося за рэалізацыю абмежаванняў, прапісаных ва ўказе 278:

«У рэгістрацыйным аддзеле ДАІ на аўтарынку “Малінаўка” паведамілі, што ад сёння ўгодаў паводле даверанасцяў, выдадзеных за мяжой, яны не афармляюць».

І калі ў выпадках з пашпартам для беларусаў існуюць альтэрнатыўныя варыянты, напрыклад, аформіць польскі праязны дакумент замежніка, то як быць з афармленнем угодаў без асабістай прысутнасці, юрысты пакуль не ведаюць.

«Можа быць, будуць нейкія дадатковыя тлумачэнні. Зноў жа, указ рэгламентуе, што Саўмін павінен будзе прывесці заканадаўчыя акты ў адпаведнасць з гэтым указам. Можа быць, там з’явіцца што-небудзь, што дазволіць абысці гэтыя ўмовы. Але на дадзеным этапе ўсё напісана настолькі жорстка, што гэта немагчыма», – мяркуе Алеся Пажытак.

Але пры гэтым адмыслоўцы, праваабаронцы ды прадстаўнікі дэмакратычных сілаў заклікаюць беларусаў не вяртацца на радзіму развязваць «папяровыя пытанні». А ў першую чаргу памятаць пра ўласную бяспеку.

Ірына Юрʼева, «Белсат»