У беларускім футболе не да законаў?


Хваля падазрэнняў у несумленнай гульні накрыла беларускі футбол. Паводле парталу football.by, гулец «Белшыны» Дзмітрый Гомза пагадзіўся за 20 тысяч долараў не супраціўляцца гульцам салігорскага «Шахцёра». Сустрэча адбылася ў мінулым сезоне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Шахцёру патрэбна была перамога, каб стаць чэмпіёнам. Яны і так бы выйгралі, улічваючы магутны склад, але падстрахавацца б не перашкаджала. І дапускаю, што гэтыя 20 тысяч былі прывезеныя каб сапраўды падстрахавацца на 100 працэнтаў. Выйграць і стаць чэмпіёнамі», – паведаміў экс-дырэктар дэпартаменту судзейства і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа.

Пад пытаннем і леташняя сустрэча «Белшыны» з менскім «Дынама». Шахцёр абяцаў матэрыяльна прастымуляваць бабруйцаў, каб яны гралі на максімуме сваіх магчымасцяў і адабралі балы ў дынамаўцаў. Такім жа чынам быў прастымуляваны і «Энергетык БДУ». Каманды чакае пакаранне, але такія парушэнні – не ў сферы Крымінальнага кодэксу.

«Яны жадаюць перамагчы. Яны не здаюць матч, яны не здзяйсняюць наўмысных памылак, каб матч прайграць. Таму стымуляванне і дагаворныя матчы – розныя рэчы. І па прыродзе сваёй і па тлумачэнні юрыдычным», – заявіў былы генеральны дырэктар ФК «БАТЭ» Міхаіл Залеўскі.

Паводле выдання tochka.by у дачыненні дырэктара «Шахцёра» Аляксандра Марчанкі завялі крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пад следствам і спартовы дырэктар «Шахцёра» Уладзімір Нідзергаўс.

«Той жа Нідэргаўс прыехаў сюды, што называецца «дзербаніць бабло». Паколькі ў «Беларуськалію» грошай вельмі шмат, то падабраць гэтыя грошы марылі многія. І вось Нідэргаўс адзін з іх. Я лічу, што яго роля была адной з ключавых у гэтым працэсе», – дадаў Андрэй Чэпа.

Паводле парталу football.by, з «Шахцёра» могуць зняць 50 балаў, з «Энергетыка БДУ» – 25, што панізіць каманды ў турнірнай табліцы. Таксама абедзве гэтыя каманды могуць пазбавіць удзелу ў Еўракубках. Лёс парушальнікаў дысцыплінарны камітэт вызначыць 10 траўня.

Андрэй Сульжыц «Белсат»