Беларуская касманаўтка вярнулася на зямлю


Першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская вярнулася на Зямлю. Спусканы апарат карабля «Саюз МС-24» з ёю на борце прызямліўся за сто пяцьдзясят кіламетраў ад казахскага гораду Жэзказган. У космасе беларуска правяла чатырнаццаць дзён.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Бортправадніцу «Белавіі» Марыну Васілеўскую адабралі для палёту на Міжнародную касмічную станцыю сярод шасці кандыдатак-беларусак. Давялося і панервавацца – палёт перанеслі на два дні праз тэхнічныя складанасці. Зрэшты, наступны запуск, што адбыўся дваццаць трэцяга сакавіка, быў удалым. Разам з Васілеўскай на МКС паляцеў расейскі касманаўт, нарадзінец Беларусі Алег Навіцкі, а таксама амерыканская астранаўтка Трэйсі Дайсан. Назад вярнуліся амаль у тым жа складзе, толькі Дайсан замяніла іншая амерыканка, удзельніца сямідзясятай працяглай экспедыцыі на станцыю, Лорал О‘Гара.

«Гэта не беларуская касмічная ракета, не беларуская тэхналогія – проста ўзялі з сабой беларускую грамадзянку. Так што большасць беларусаў разумее такую абмежаванасць гэтага дасягнення, тое, што гэта дасягненне іншых касмічных дзяржаваў – Расеі і ЗША», – мяркуе палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Між тым прапагандысты актыўна падхапілі тэзіс пра Беларусь як касмічную дзяржаву.

«І яны зноў убачылі вялізнае неба, і заблішчалі іх вочы, і яны паляцелі ў космас – бацька падкінуў», – заявіў Рыгор Азаронак.

«Безумоўна, Беларусь не стала касмічнай дзяржавай таму, што нашая беларуска паляцела ў космас. Хаця нашы’ беларусы вельмі здольныя людзі – і ў космасе, і ў спорце. Але гэта не краіна, гэта людзі, – разважае блогер каналу «Рэальная Беларусь» Арцём Шапараў. На фоне людзей Лукашэнка ўвесь час спрабуе раскруціць свой піяр, сваю неабходнасць і прысвойвае гэтыя дасягненні сабе».

Лукашэнка ж напярэдадні палёту Марыны Васілеўскай марыў пра новых беларускіх касманаўтаў:

«Засталося толькі грошы знайсці, але Пуцін наконт гэтага малайчына. Яны не шкадуюць грошай, каб нас падтрымаць як касмічную дзяржаву, але мы з імі разлічымся па іншых напрамках».

Зрэшты, цяпер ён як быццам ужо не так упэўнены ў гэтым:

«Эмоцыі самыя цяжкія, ноч бяссонная. Я глядзеў у прамым эфіры адстыкоўку спусканага апарата. Я вельмі задаволены, што ўсё скончылася, і сам сабе падумаў: ну, больш я ў гэтую гульню гуляць не буду».

Дзевятнаццатага сакавіка Лукашэнка падпісаў указ пра статус беларускага касманаўта. Сярод іншага, прадугледжаная пенсія за асаблівыя заслугі, магчымасць будавання жытла з дзяржаўным падтрыманнем, медычнае абслугоўванне ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры ды абавязак годна рэпрэзентаваць Беларусь на міжнароднай арэне. Але ўсіх гэтых ільготаў могуць пазбавіць за дзеянні, якія ў лукашэнкаўскай Беларусі лічаць экстрэмісцкімі.

«Мне здаецца натуральным, што будучыня Васілеўскай будзе спрыяльная і пад кантролем уладаў – ёй будуць даваць нейкія пасады. Тут два варыянты – магчыма, яна захоча працягваць нейкую прафесійную дзейнасць у касмічнай сферы. Але гэта ўяўляецца малаверагодным – усё такі яна дастаткова выпадковы чалавек. Хутчэй за ўсё яна будзе такім паслом ад Беларусі і ўнутры Беларусі, – разважае Віталь Цыганкоў.

За час побыту на Міжнароднай касмічнай станцыі Марына Васілеўская правяла шэраг эксперыментаў. У прыватнасці, даследавала, як штамы прабіётыкаў паводзяцца ва ўмовах касмічнага палёту. Вынікі даследаванняў цяпер плануюць апрацаваць у Акадэміі навук.

Ян Федаровіч, «Белсат»