Як дапамагчы беларускім добраахвотнікам


Вайна штодня забірае жыцці, у момант разбурае тое, што будавалася гадамі, і высмоктвае маральныя сілы. Часам здаецца, што немагчыма супрацьстаяць гэтай навале, што чалавек не можа нічога зрабіць. Але гэта не так. Кожны з нас можа дапамагчы выратаваць жыццё ці псіхалагічна вярнуцца з вайны ветэрану. Для гэтага дастаткова скарыстацца банкаўскай картай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскія войскі ўвайшлі ў Кіеўскую вобласць з тэрыторыі Беларусі – са згоды Аляксандра Лукашэнкі. Але супраць агрэсараў тады ваявалі і беларусы. Аляксей Назараў з пазыўным «Псіхолаг» – беларускі добраахвотнік, трэцяга сакавіка быў у складзе падраздзялення, што ўступіла ў бой супраць расейскіх танкаў у прадмесцях Бучы. Бой быў крывавы.

«Мяне кінула выбухам наперад. Я агледзеў раненне, пабачыў, што нага ампутаваная амаль цалкам, на кавалку скуры боўталася. Я наклаў турнікет і пачаў перапаўзаць у бяспечнае месца, каб аскепкамі не пабіла яшчэ больш», – распавядае Аляксей «Псіхолаг».

У тым баі загінула 5 абаронцаў скрыжавання на кіеўскім кірунку, у тым ліку беларускі добраахвотнік «Ліцвін». Аляксей таксама развітаўся з жыццём, нават запісаў апошняе відэа. Але выжыў. Давялося адрэзаць рэшткі нагі. Цяпер Аляксей ходзіць з пратэзам, але патрэбны новы, эфектыўнейшы. Бо Аляксей – вайсковы інструктар, ён хоча вярнуцца на службу, трэнаваць іншых байцоў.

«Новы пратэз будзе адрознівацца ўзроўнем рухавасці, зможа вытрымліваць больш нагрузкі. Гэта дапаможа мне быць інструктарам больш эфектыўна», – тлумачыць Аляксей «Псіхолаг» Назараў.

Грошы на новы пратэз збірае наш калега з «Белсату» Сяргей Пеляса, які раней ужо сабраў сродкі на 4 пікапы і мікрааўтобус для добраахвотнікаў.

«Полк Каліноўскага звярнуўся да мяне, гэта была іх ініцыятыва. Маштаб збору быў значна большым, чым у мінулыя разы, таму я вырашыў рабіць гэта не прыватна, а праз польскі фонд «Браты» – «Bracia», – тлумачыць Сяргей Пеляса.

Вайна забрала ў Аляксея рухавасць. Пратэзісты парэкамендавалі пратэз модульнага тыпу «Ottobock Genium x3». Перавесці грошы можна таксама з-за мяжы.

«Патрэбная сума – прыкладна 58 тысячаў еўраў. І мы ўжо сабралі ад яе 76 % усяго за 3 тыдні. Я не спадзяваўся, што гэта адбудзецца так хутка, я планаваў сабраць яе за паўгода, каб увосень Аляксей мог пачаць бегаць», – тлумачыць журналіст і вядоўца «Белсату».

Але вайна – гэта не толькі фізічныя раненні, гэта стрэс, ад якога цяжка адысці. Каб дапамагчы сённяшнім ветэранам і параненым байцам, у Кіеўскай вобласці рыхтуецца да працы рэабілітацыйны цэнтр «Ланка». Яго ствараюць актывісты беларускага аб’яднання валанцёраў «Звяно». У доме на 500 квадратных метраў будуць дасяжныя чатыры асноўныя элементы комплекснай рэабілітацыі: медычная дапамога, дапамога псіхолага, сацыялізацыя і юрыдычная абарона, то бок дапамога ў легалізацыі. Гэта асабліва важна для замежных добраахвотнікаў.

«У грамадзян Украіны ёсць сацыяльныя сувязі, грамадзянства, абарона дзяржавы. А для іншаземцаў гэтага ўсяго часта няма. І калі яны звальняюцца, або параненыя, то часта застаюцца сам-насам», – тлумачыць беларуская праваабаронца і валанцёрка Таццяна ГацураЯворская.

Рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» зможа адначасова прымаць прынамсі 11 асобаў. Таццяна Гацура-Яворская ды іншыя валанцёры шукаюць цяпер спонсараў, гатовых аформіць падпіску дапамогі. Агулам на месяц трэба ад $3000, але стаць спонсарам можна і з $5 штомесяц. На сайце абʼяднання «Звяно» можна зрабіць і аднаразовае ахвяраванне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»