У райцэнтрах Беларусі з кранаў цячэ брудная вада


Брудная вада з крану сталася нормай, а чыстая – выключэннем з правілаў. З такою праблемаю сутыкнуліся жыхары некаторых райцэнтраў Гомельскай і Менскай вобласцяў. Чыноўнікі толькі абяцаюць выправіць сітуацыю, але амаль тыдзень сотні асобаў не могуць нармалёва памыцца і прыгатаваць ежу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Брудная вада, як з лужыны, цячэ з водаправодаў адразу ў некалькіх беларускіх гарадах – Хойніках, Рагачове і Дзяржынску. Мясцовыя камунальнікі не могуць развязаць праблемы больш за пяць дзён. Таму жыхарам застаецца толькі абурацца ў мясцовых Telegram-чатах.

Мясцовае прадпрыемства «Хойніцкі камунальнік» таксама не бярэцца вырашаць праблемы.

Як раіць каардынатар Беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Зміцер Кухлей, найлепей, каб пазовы ў дзяржаўныя органы былі калектыўныя:

«Патрабаваць пераразмеркавання. Таму што калі гэтыя грошы не пойдуць, напрыклад, на мадэрнізацыю састарэлай цеплатрасы, яны пойдуць на чарговы флагшток».

Зрэшты, праблема бруднай вады не засталася па-за ўвагаю чыноўнікаў. Гэтак, напярэдадні намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкаму Анатоль Гура паведаміў, што спадзяецца развязаць пытанне ў найбліжэйшыя дні, дзякуючы новай станцыі абезжалезвання. Вось толькі яшчэ пазалетась Лукашэнка ставіў пад сумнеў, ці толькі такой захады дастаткова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: moika78.ru

Сёлета выдаткі бюджэту на камунальную гаспадарку і жыллёвае будаўніцтва выраслі. Калі ў 2023 годзе чыноўнікі закладалі 6,7 мільярдаў рублёў, то цяпер – 9,53 мільярдаў.

«Вось гэты перыяд павелічэння выдаткаў на ЖКГ – гэта не трэнд, а хутчэй выключэнне. Выключэнне, бо дзяржава будзе вымушаная ўсё роўна скарачаць выдаткі менавіта ў сувязі з агульнай эканамічнай сітуацыяй», – зазначае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Па падліках Змітра Кухлея, зношанасць водаправодных трубаў у краіне складае ад 50-70 % і больш. І калі раней з мадэрнізацыяй дапамагалі замежныя крэдыторы і донары, то цяпер гэткія праекты ў Беларусі спыненыя. Аляксей Харкевіч эканаміст у сваю чаргу канстатуе:

«Вонкавыя крыніцы, асабліва калі яны на ўмовах палёгкі, дапамагалі захаваць вось гэтую сістэму, дапамагалі пазбегнуць рэформы поўнага пераходу на самаакупнасць. Нейкі час купіравалася гэтая праблема, але так доўга працягвацца не можа».

Цяпер жа ў крэдытаванні, у тым ліку на камунальную гаспадарку, Беларусь можа разлічваць толькі на Расею.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»