Што адбываецца з «дальняй дугой» беларускай дыпламатыі?


Роўна год актыўнасці Лукашэнкі ў Афрыцы. Гэтая паездка ў Зімбабве адбылася летась 1 лютага. З таго часу выглядае, што Афрыка – адзін з прыярытэтных кірункаў ведамства Сяргея Алейніка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння і наступныя два дні ў Менску – дэлегацыя з Паўднёвага Судану. Прыехалі на запрашэнне кіраўніка праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча. У праграме – сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, перамовы аб развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў. Адметна, што тавараабарачэнне Беларусі і Паўднёвага Судану ў 2020 годзе складала ўсяго 175 тысяч долараў.

«Паўднёвы Судан – адна з самых бедных краінаў свету. І спадзявацца, што гэта дасць каласальны штуршок развіццю беларускага машынабудавання… Не! Такога не будзе. Канечне, неліквід можна пад нейкім выглядам туды спіхнуць, але больш нічога. Вось зброя там – яшчэ туды-сюды», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Паўднёвы Судан абвясціў незалежнасць ад Судану ў 2011 годзе. Шматлікія войны прывялі гэтую краіну да голаду і галечы.

Тут дзейнічае эмбарга ААН на пастаўкі зброі, але, як высветлілі журналісты тэлеканалу «Настоящее время», гэтыя санкцыі парушала Расея.

«Існуе версія, што, напрыклад, як і ў 2014 годзе, Беларусь проста дапамагае Расейскай Федэрацыі нейкія санкцыі абыходзіць з дапамогаю афрыканскіх краінаў. Тут Беларусь як проксі выступае. У тым ліку. Бо сапраўды, Беларусі складана нешта прапанаваць у якасці тавараў і паслуг на афрыканскім кантыненце. Бо пытанне лагістыкі адразу паўстае», – зазначае палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык.

Тым не менш, 2023 год для Лукашэнкі – год Афрыкі. У лютым – візіт у Зімбабвэ, у сакавіку ў Менск завітаў міністр замежных справаў гэтай краіны. У красавіку ў Беларусь прыехала першая лэдзі Зімбабвэ Аксілья Мнангагўа. Пазьней, у верасні візіт у Менск прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі, у снежні – візіт Лукашэнкі ў адказ.

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа.
Фота: president.gov.by

Тысячы кіламетраў ад Беларусі да Экватарыяльнай Гвінеі, Зімбабвэ і Мазамбіку. Якія ж інтарэсы мае Лукашэнка ў Афрыцы?

Адразу два амбасадары з Менску – Ігар Маршалаў і Ігар Белы – накіраваліся адпаведна ў Зімбабвэ і Мазамбік. Напярэдадні яны абмяняліся даверчымі граматамі з кіраўніцтвамі гэтых дзяржаваў. Яўген Красулін зазначае:

«Калі паглядзець на геаграфію перамяшчэнняў, так скажам, дыпламатыі беларускага рэжыму цяперашняга па Афрыцы, мы пабачым, што ў асноўным гэта краіны з палітычнымі праблемамі і краіны з добрымі запасамі ў першую чаргу карысных металаў, таго ж золата».

«Можна таго ж Віктара Шэймана згадаць, які фактычна “смотрящий”, выбачаюся за такія словы, але фактычна ён ёсць “смотрящим” Лукашэнкі ў тым жа золатаздабыўным бізнесе ў Зімбабве. Нават спрабавалі ў Замбіі яны нарасціць пастаўкі, узаемаадносіны, але там ужо іншая гісторыя, бо ёсць кітайскі інтарэс», – кажа Андрэй Рудык.

Афіцыйнае тавараабарачэнне Беларусі і Зімбабвэ ў 2022 годзе склала ўсяго каля 40 мільёнаў долараў. Да прыкладу, у тым жа годзе з краінамі Еўразвязу Менск нагандляваў больш як на 16 мільярдаў долараў.

Алесь Яшчанка, «Белсат»